Читать онлайн «Жанчына і леапард»

Автор Барысік Таццяна

Таццяна Барысік

Жанчына і леапард

© Барысік, Т. , 2014

© ТВУП "Кнігазбор" 2014

© Электронная кнігарня, 2014

Па наезджанай каляіне

Я, настаўніца пачатковых класаў паводле адукацыі, сведчу: школьныя падручнікі беларускай літаратуры нахабна хлусяць. Пісьменнікаў з бедных сялянскіх сем’яў не бывае і, мабыць, не было ніколі. Я пра гэта яшчэ з дзяцінства здагадвалася, а цяпер пераканалася канчаткова. Паспрыялі такой выснове не столькі газетныя артыкулы 90-х гадоў і лекцыі прагрэсіўных выкладчыкаў у педкаледжы, колькі жыццёвыя назіранні і, на жаль, уласны досвед. Мажліва, мая гісторыя падасца вам тыповай і нецікавай, усё ж мушу яе распавесці. Бо ў нядзелю падчас рэлігійнай перадачы па тэлевізары святар сказаў, што закопванне талентаў у зямлю – вялікі грэх. Я ж у царкву не хаджу, таму хаця б і не перад Богам, дык перад людзьмі апраўдаюся. Мо лягчэй зробіцца.

Завуць мяне Вольга Іванаўна. Мне 28 год. Вясковая настаўніца. Замужам, двое дзетак. Нарадзілася ў беднай сялянскай сям’і, у палескай вёсцы за дваццаць кіламетраў ад райцэнтра. Бацьку свайго не памятаю. Нас у маці пяцёра – усе ад розных бацькоў, я самая старэйшая. Маці працавала свінаркаю, не скажу, каб яна дужа піла ці была гультайкаю, але мела схільнасць да неразважлівых учынкаў і бязладнага жыцця. Магла звалачыся ў якія госці ці на бяседу, пакінуць неспарадкаваную гаспадарку і малых дзяцей, лазіць недзе па чужых дварах, пакуль па яе не прыходзілі.

Пасля з патроенай сілай за працу бралася, і рабіла – ледзь ад стомы не падала. Або, атрымаўшы заробак, ехала ў горад і амаль усе грошы распускала на цюль для вокнаў, новую куртку чарговаму айчыму ці іншую дарагую непатрэбшчыну.

Твары айчымаў змяняліся, бы шкельцы ў калейдаскопе, але карысці і дапамогі мы ад іх не мелі ніякай.

Усім на дзіва вучылася я добра. Нават у прадметных алімпіядах удзельнічала. Асабліва падабалася пісаць зацемкі ў насценгазету і сачыненні. Хаця сачыненні мае неаднойчы на раённыя конкурсы настаўнікі дасылалі, аднак ні аб якім прыгожым пісьменстве я й марыць не марыла. Бо астатнія дзеці з бедных сялянскіх сем’яў, гэткіх жа, як і ў мяне, недагледжаныя, напаўгалодныя, у чужых абносках, таксама не йшлі ў пісьменнікі і артысты. Яны ўвогуле нікуды не йшлі. Хлопцы туляліся па вёсцы, пакуль іх не забіралі каго ў войска, каго ў турму, тут ужо як каму пашанцуе. Дзеўкі заставаліся дома, яшчэ ў школьныя гады нараджалі дзіця, гадавалі як давядзецца, прапіваючы мізэрную грашовую дапамогу разам з сужыцелем. Або знікалі ў невядомым кірунку, а праз колькі гадоў аб’яўляліся на бацькаўшчыне змучаныя, задрыпаныя, з плоймай мурзатых дзяцей.

Я ж такой долі не хацела. І ўсё роўна чула ў спіну:

– Гэта пакуль яна яшчэ малая, дык вучыцца добра і такая харошая ды правільная, а пабачыце: падрасце – будзе ўся ў маці.

А я спадзявалася… Спадзявалася ў будучым стаць нармальнай. Такой, як дочкі агранома, як суседчыны гарадскія ўнукі. Пасля дзявятага класа паступіла ў педкаледж. Чым сталіся для мяне чатыры гады вучобы ў горадзе, успамінаць не хачу. Дзякуй мамінаму брату дзядзьку Паўлу – дапамагаў трохі ежай і грашыма, інакш уцякла б адтуль і не атрымалася б з мяне настаўніцы. На танцы і гулянкі не хадзіла, сяброў не займела. Каму патрэбна кепска апранутая, затурканая дзяўчына?