Читать онлайн «Непамяркоўныя»

Автор Маракоў Леанід

Леанід Маракоў

Непамяркоўныя

Апавяданні

© Маракоў Л. , 2012

© ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў», 2012

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2017

«Помни случай с Ивановым»

Іваноў злавіў сябе на тым, што думае па-руску. Абрусеў за якія паўгода. Памяць дзяцінства бярэ сваё, на тое яна і памяць.

Бацька пакінуў Расію на адным з караблёў французскай эскадры, які адплываў ад Севастопальскага прычала ў лістападзе дваццатага. Яшчэ першай пасля перавароту вясной, калі яму перадалі, што азвярэлае мужыччо разрабавала і спаліла пад Мсціславам іх родавы маёнтак, бацька пачаў шукаць смерці. Ён хацеў загінуць у баі, душачы гэтую чэрнь, пускаючы ў распыл дзясяткі, сотні чырвоных. Ваяваў смела, з адметным майстэрствам, набытым яшчэ ў германскую. Чырвоныя ўцякалі ад яго палка, як ад чумы. Ведалі – каб даць адпор зводнаму, трэба мець шматразовую перавагу. Афіцэры палка, у якім не было шараговых, нават параненыя, забіралі з сабой у магілу па некалькі будзёнаўцаў.

Толькі ўсё было марна. Парадак адольвае, паралізуе натоўп, ды шматлікая маса бярэ верх над парадкам.

Прынамсі, ці варта казаць пра парадак у той час. Краіна ляцела немаведама куды, як ашалелы ад болю падстрэлены конь. Людскія натоўпы ў падраных шэрых шынялях хвалямі перакочваліся то з захаду на ўсход і з усходу на захад, то з поўдня на поўнач і з поўначы на поўдзень. Розныя сцягі луналі над гэтымі шэрымі масамі, але ачмурэлыя, перакрыўленыя ад злосці раты вывяргалі адно і тое ж: «Смерць! Смерць! Смерць!» І калі б хто спыніўся ды прыслухаўся да гэтых воклічаў, зразумеў бы: смерць пагражае ўсім. Толькі спыніцца і задумацца было таксама смяротна небяспечна: цябе адразу раздушыў бы і змёў азвярэлы натоўп. Шмат хто не чакаў, калі іх растопчуць, – пускаў сабе кулю ў лоб. І бацькава рука неаднойчы цягнулася да пісталета.

Апошні раз – на тым французскім караблі, што пакідаў Севастопаль. Гэта быў не зыход, гэта быў крах. Канец усяго: веры, надзеі, жыцця.

Тады, на параходзе, бацька не застрэліўся. Ён выняў пісталет, але ўбачыў жонку з сынам, якія падымаліся на палубу, і апусціў руку: без яго на чужой зямлі кволая, хваравітая Наталі і васьмігадовы Міця не выжывуць.

З ім і дзякуючы яму – выжылі. Як, дзе і колькі вандравалі? Па якіх турэцкіх, грэчаскіх, арабскіх берагах? Завошта і чаму? Чаму сам Бог выракся іх? Час, вядома, лечыць, аднак асобныя раны, найперш душэўныя, – і абвастрае. Ён зразумеў гэта не сёння і не ўчора, зразумеў, гледзячы на бацьку ды маці. З гадамі да іх так і не прыйшлі спакой, раўнавага і лагода. Яны, бедакі, стараліся і выгляду не падаць, што іх нешта гняце, але выходзіла кепска: выдавалі вочы. У вачах затаілася безвыходная неадольная туга. Ён не адразу зразумеў, што гэта туга па радзіме. Сам ён ужо быў еўрапейцам, якім, кажуць, не ўласціва настальгічная меланхолія. Яна ўласцівая славянам, найчасцей – усходнім. Яны найбольш схільныя катаваць сябе. Ён назіраў гэтую невылечную хваробу ў бацькоў. Шкадаваў іх, а дапамагчы не мог. І рады быў, калі даведаўся, што бацька нешта піша, хутчэй за ўсё – успаміны. І, дарма што малады, зразумеў: для бацькі, а значыць, і для маці – гэта адхланне, душэўная палёгка.