© Палачанскі А. C., 2014
© ПВУП “Галіяфы”, 2014
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016
Зімовы ранак разбіў акно хрумсткімі сузор’ямі, і трэснутае шкло паляцела соннымі скрылямі. Чалавек падхапіўся з ложка, выйшаў на ганак ды стаў у дзвярах. Марозна, сонечна, шыя аб задубелы каўнер трэцца, ажно рыпіць. Пакруціў чалавек галавой, моцна сплюшчыў вочы, усміхнуўся калючымі зморшчынамі. Пацягнуўся спрасонку, пачухаўся – “гэ-эх!” – зірнуў на сваю зямлю, на зіхоткія прасторы. Далягляд канчаўся лесам, паўз хату цягнулася сцежка ад чыгункі да брэсцкай шашы. Сонца далікатна абмінала сядзібу бокам, над лесам, а свяціла так, што паветра рассыпалася ў блішчасты пыл.
“Трэба дзверы зачыніць, а то ў сенцы холаду напушчу”, – і чалавек ступіў на двор, у адной кашулі ды ватовых штанах. Перажагнаўся, пільна гледзячы кудысьці за лес, за чыгунку, расцёр твар калючым зляжалым снегам да свежай чырвані, задаволена крэкнуў і вярнуўся ў хату.
Дзверы ляпнулі і пачалі зноў расчыняцца, і чалавек ужо выходзіў, хутаючыся ў кажух ды шаруючы далоні. Ён стаў, прыслухаўся і рушыў на дарогу ў бок шашы.
Тры высачэзныя лістоўніцы стаялі на павароце як сведкі спрадвечнай маўклівай праўды. Ломкі чорна-белы бярэзнік нясмела высоўваў кранальна безабаронныя галінкі, якія, здаецца, толькі падчапі – і яны злятуць долу. Хвоі калыхаліся з ледзь чутным прыдыханнем. Чалавек часта выходзіў сюды на шпацыр. Пад скупым сонцам, на дарозе, снег храбусцеў, бы капуста.
Наступны паварот, амаль на сто восемдзесят – дарога выходзіла на мост над шашой. Нейкі дзед у спецадзенні ішоў следам. За ім бег сабака. Пасярод моста чалавек спыніўся, глядзеў па-над дрэвамі, узлятаючы позіркам. Аперанае лёгкімі аблокамі неба яшчэ не страціла адбіткі ўсходу, на снег пырскала сонца, зрэдчас з-пад моста выязджалі фуры.
– Мо ёсць цыгарэта? – пачуў ён голас ззаду.
– Няма, выбачай.
Дзед пакорліва пашкандыбаў далей. “Можа, наўмысна за мной ішоў, каб спытаць, не?” – падумаў чалавек і пайшоў дахаты.
Ён выйшаў на двор, паставіў зэдаль сярод гарода і сеў піць гарбату. Нагрэты металічны кубак апякаў вусны, зыркі снег рэзаў вочы, і ад блакітнага неба настрой быў святочны і адчувалася, што дзень дарма не міне. За плотам ляжаў вялікі поплаў, такі гладкі пад снегам, што хацелася ісці па ім наўпрост да самага лесу, пакідаючы ззаду немудрагелістае вязьмо слядоў.
Расскажите нам о ваших литературных предпочтениях – выберите интересные вам жанры и поджанры
Мы собрали для вас персональную книжную подборку на основе ваших предпочтений.