Кухмістр Верашчака
Літвінская кухня
© Белы Алесь, 2016
© ІП Янушкевіч А. М. , 2016
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016
Што такое «літвінская кухня»?
А ведаеце, панове, як даўней елі і пілі ў добрых шляхецкіх дамах старой Літвы? Ну, напрыклад, напрыканцы 1820-х гадоў, у залатыя бесклапотныя часы, дзе-небудзь у Навагрудскім або Слонімскім павеце? О, то незвычайныя старасвецкія звычаі, пра якія добра распавёў пан Лявон Патоцкі, а з ягоных слоў і я перакажу.
Вось так, мае даражэнькія: людзям, што мала елі, тады не давяралі, бо лічылі што за стрыманасцю ў ежы хаваецца або зайздроснасць, або зласлівасць. Тады казалі, што кухмістр выязжае з панскага двара толькі тады, калі прап’юць-праядуць апошняга вала і карову. І гэта ж ужо асвечанае ХІХ-е стагоддзе, час філаматаў ды філарэтаў, Віленскага універсітэту, рамантызма і іншых узнёслых рэчаў! Што ж тады казаць пра саксонскія часы, калі формулай добрых паводзін лічылася «еш, пі, і папушчай паса»?
Але абстрагуемся ад колькасці з’едзенага, засяродзімся на якасці, на сімвалічнай сутнасці гэтай ежы.
Як назваць кухню, апісаную ў гэтым урыўку? Блізкае знаёмства з «Кухаркай Літоўскай», з кулінарнымі рэаліямі паэмы «Пан Тадэвуш», з мемуарамі Леона Патоцкага, Яна Булгака, Мельхіёра Ваньковіча, Міхала Паўлікоўскага і многімі іншымі тэкстамі ХІХ – першай паловы ХХ ст. стварае досыць арганічную карціну кухні, якую ўсё часцей называюць «літвінскай». Гэта шляхецкая і мяшчанская кухня былога ВКЛ, у нейкай ступені таксама – кухня заможнага сялянства. Канешне, тэрмін «літвінская» – выразны наватвор. Самі носьбіты гэтай культуры, канешне, назвалі б яе літоўскай. Яны так і называлі, як бачна з назваў кніг: «Кухарка Літоўская», «Гаспадыня Літоўская». Але ўжо амаль стагоддзе, як створаная незалежная Літоўская Рэспубліка, а яна культуру былых шляхты і мяшчанства засвоіла толькі часткова. У польскамоўных публікацыях – друкаваных і ў Інтэрнэце рэцэпты сырніка-«чызкейка» (або, напрыклад зразаў, халадніка, калдуноў, лазанак, паў-гусак і т. д. ) часта даюцца з пазнакамі