Уладзіслаў Ахроменка
Дванаццаць актаў (зборнік)
© Уладзіслаў Ахроменка – ідэя, прадмова, складанне
© Сяргей Календа – прадзюсар
© Максім Клімковіч – рэдактура
© Серыя “Дванаццаць” з’яўляецца выдавецкім праектам Таварыства Вольных Літаратараў (ТВЛ).
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2017
Беларуская літаратура – гэткая дэкаратыўная карлікавая пальма ў дзежцы, неабавязковая дэталь побытавага інтэр’еру. Пол тае пальмы невызначаны, сістэмнага дрэнажу няма, а глеба здзервянелая да стану асфальту. Дзежка стаіць у праходным калідоры, калідор – у казённым доме. Людзтва сноўдаецца з кабінета ў кабінет, нудзіцца ў чэргах, на пальму ніхто асабліва не зважае, бо на курс ці то батанікі, ці то белліту ўсе са школьных часоў забыліся. У чарзе, праўда, можна і прыгадаць пра “расцветали яблони и груши, поплыли туманы над рекой…”, і перапаліць па-хуткаму, і па-хабёльску кінуць недапалак у дзежку, а то і накрэмзаць на глянцавым лісце брутальны і абагульняльны мацюк.
Здараецца, аднак, што напаўмёртвая пальма набіраецца цудадзейнымі сокамі, і між пыльнымі лістамі сарамліва прабіваюцца яскравыя краскі. Але ж пладамі тыя краскі абарочваюцца зрэдку: у класічным беларускім пісьменстве заўсёды было зашмат ідэй, патрыятызму і паэзіі чыстае красы, але катастрафічна бракавала фізічнага цела. Традыцыйныя героі беларускай літаратуры заўсёды выглядалі нібы сатканымі з кветкавага пылку, але амаль паўбаўленымі мяса, крыві, касцей, а таксама натуральных фізіялагічных жаданняў. Сексуальнасць, любошчы, нават эротыка – усё гэта сарамліва перахоўвалася пад саламянымі брылямі несцерак, у каламуці трох лыжак заціркі ці ў парослых травою партызанскіх акопах.
Вы можаце ўявіць эрагенныя зоны Ядвісі з коласаўскіх “На ростаннях”? А мінет ці кунілінгус меліжаўскіх Васіля Дзятліка і Ганны Чарнушкі? Быкаўскае “Дажыць да світанку” выклікае у вас адно мілітарныя асацыяцыі, але не думкі пра жарсць, якая знясільвае ненажэрных каханкаў?
Законы прыроды адназначныя, і для прыгожага пісьменства таксама: песцік вымагае тычынкі, Інь – Янь, і без гэтага немажлівае натуральнае апладненне. Калі ў літаратуры нарэшце з’яўляецца фізічнае цела – яе прыўкрасная душа цяжарыць, дэкаратыўныя кветкі саступаюць месца завязі, а краскі на галінках неўзабаве абарочваюцца пладамі.
Ева Вежнавец
Іра ў залатых басаножках
Ахвотней за ўсё Іра гуляла па лесе, дзе ладзіла самотныя «пікнікі», беручы з сабой бабіну вышываную сурвэтку і ежу з лядоўні. А то яшчэ можна было капеек накрасці з бацькавых кішэняў і накупляць смачнот у краме. Іра запрашала суседскую Таню, і яны сыходзілі ў лес, дзе бавілі часам цэлыя дні. Так працягвалася да тае пары, калі ў вёску вярнуўся руды Дораш-свінабой і ў Іры пачаліся жахлівыя дні.
Быў ветраны ранак са скаклівымі плямамі сонца на траве пад яблыняю, калі Таня прыбегла да Іры. Дарослых дома не было, дзяўчынкі вынеслі ў двор цэлую гусятніцу з блінчыкамі і палову апрасталі.
Пасля, аблізваючы пальцы, Таня сказала: – Ірка, пайшлі паглядзім, Дораш сваю кошку з кацянятамі жыўцом закапаў, яна яшчэ дыхае, і зямля збоку падымаецца.