Читать онлайн «Героi Элады»

Автор Вера Смирнова

Смирнова Вера

Смирнова Вера

Героi Элады (З мiфаў старажытнай Грэцыi) (на белорусском языке)

Вера Смiрнова

Героi Элады

З мiфаў старажытнай Грэцыi

Пераклад: З. Петрушэня

ПРАДМОВА

Шмат вякоў назад на Балканскай паўвыспе пасялiўся народ, якi потым пачалi называць грэкамi. У адрозненне ад сучасных грэкаў, мы называем той народ старажытнымi грэкамi, або элiнамi, а iх краiну - Эладай.

Элiны пакiнулi народам усяго свету багатую спадчыну: велiчныя збудаваннi, якiя i да нашых дзён лiчацца самымi прыгожымi на свеце, цудоўныя мармуровыя i бронзавыя статуi i вялiкiя творы лiтаратуры, якiя людзi чытаюць i цяпер, хоць яны напiсаны на мове, на якой даўно ўжо нiхто не гаворыць на зямлi. Гэта "Iлiяда" i "Адысея" - гераiчныя паэмы пра тое, як грэкi бралi ў асаду горад Трою, i пра вандроўкi i прыгоды аднаго з удзельнiкаў гэтай вайны - Адысея. Гэтыя паэмы спявалi вандроўныя спевакi, i створаны яны каля трох тысяч гадоў таму назад.

Ад старажытных грэкаў засталiся нам iх паданнi, iх старажытныя сказаннi мiфы.

Грэкi прайшлi доўгi гiстарычны шлях; спатрэбiлiся стагоддзi, перш чым яны сталi самым адукаваным, самым культурным народам старажытнага свету. Iх уяўленнi пра будову свету, iх спробы вытлумачыць усё, што адбываецца ў прыродзе i ў чалавечым грамадстве, знайшлi сваё адлюстраванне ў мiфах.

Мiфы стваралiся, калi элiны яшчэ не ведалi граматы, складалiся паступова, на працягу некалькiх стагоддзяў, перадавалiся з вуснаў у вусны, з пакалення ў пакаленне i нiколi не былi запiсаны як адна цэласная кнiга. Мы ведаем iх ужо з твораў старажытных паэтаў Гесiёда i Гамера, вядомых грэчаскiх драматургаў Эсхiла, Сафокла, Еўрыпiда i пiсьменнiкаў больш познiх эпох.

Вось чаму мiфы старажытных грэкаў даводзiцца збiраць з самых розных крынiц i пераказваць iх.

Паводле асобных мiфаў можна аднавiць карцiну свету, як уяўлялi яго сабе старажытныя грэкi. Мiфы расказваюць, што спачатку свет насялялi страшыдлы i велiканы: гiганты, у якiх замест ног выгiналiся вялiзныя змеi; сторукiя, вялiзныя, нiбы горы; злосныя кiклопы, або цыклопы, - з адным блiскучым вокам пасярод iлба; грозныя дзецi Зямлi i Неба магутныя тытаны. У вобразах гiгантаў i тытанаў старажытныя грэкi ўвасаблялi стыхiйныя магутныя сiлы прыроды.

Мiфы расказваюць, што пазней гэтыя стыхiйныя сiлы прыроды ўтаймаваў i пакарыў Зеўс - бог неба, Грамавержац i Хмараганiцель, якi ўпарадкаваў свет i стаў уладаром Сусвету. На змену тытанам прыйшло царства Зеўса.

Ва ўяўленнi старажытных грэкаў багi былi падобны на людзей i адносiны памiж iмi нагадвалi адносiны памiж людзьмi. Грэчаскiя багi сварылiся i мiрылiся, увесь час умешвалiся ў жыццё людзей, удзельнiчалi ў войнах. Кожны з багоў меў сваю справу, "загадваў" пэўнай "гаспадаркай" у свеце. Элiны надзялялi сваiх багоў чалавечымi характарамi i схiльнасцямi. Ад людзей "смяротных" - грэчаскiя багi адрознiвалiся толькi тым, што былi бессмяротныя.

Як кожнае грэчаскае племя мела свайго правадыра, ваеначальнiка, суддзю i гаспадара, так i сярод багоў грэкi лiчылi правадыром Зеўса. Паводле вераванняў грэкаў, сям'я Зеўса - яго брат, жонка i дзецi - падзялялi з iм уладу над светам. Жонка Зеўса, Гера, лiчылася ахоўнiцай сям'i, роднага дому. Брат Зеўса, Пасейдон, уладарыў над марамi; Гадэс, або Аiд, кiраваў падземным царствам мёртвых; Дэметра, сястра Зеўса, багiня земляробства, распараджалася ўраджаем. У Зеўса былi дзецi: Апалон - бог святла, апякун навук i мастацтваў; Артэмiда багiня лясоў i палявання, Афiна Палада, якая нарадзiлася з галавы Зеўса, багiня мудрасцi, ахоўнiца рамёстваў i ведаў; кульгавы Гефест - бог-каваль i механiк; Афрадыта - багiня кахання i прыгажосцi, Арэс - бог вайны, Гермес вястун багоў, самы блiзкi памочнiк i любiмец Зеўса, ахоўнiк гандлю i мараплавання.