Читать онлайн «Ноч»

Автор Виктор Мартинович

НОЧ

Вiктар Марцiновiч

Слова ад перакладчыка 

গুড মর্নিং শুভ সকাল

Шупха шакале, мінак!

Хай песня Сусвету заўсёды красуе табе!

Маё імя Саціш Сівачарыяр, і я пераклаў гэты тэкст на англійскую мову, на якой ты яго цяпер і чытаеш. Сам рукапіс быў набыты ў старызніцкай крамцы на Калежстрыт у Калкаце за літр чыстай вады, пасму прадзіва і пару амаль не ношаных сланцаў. Я не ведаю, якім менавіта чынам гэтыя тры сшыткі трапілі да бенгальскага крамніка, бо, пакуль мы таргаваліся, гэта не падавалася важным. А калі падалося — ён ужо быў памёр ад малярыі.

Спачатку мяне проста зацікавіў тэкст, напісаны ад рукі незнаёмай мне (на той момант) мовай, і я вырашыў прыгадаць сваю ранейшую прафесію ды перакласці пісаніну. Але неўзабаве зразумеў, што мой выпадковы набытак не зусім звычайны, бо лексіка і граматыка адрозніваліся ад кірылічных пісьмёнаў з падручнікаў, якія адшукаліся ў бібліятэцы імя Р. Тагора. Калі ж я ўрэшце здагадаўся, з чым насамрэч маю справу, я звярнуўся да былых калег і атрымаў слоўнікі з дапаможнікамі, без якіх быў такі бясслоўны і такі бездапаможны. За час, што спатрэбіўся, каб удасканаліць веды, мае валасы пасівелі

Чаму я не кінуў гэтую забаўку? Ды проста досыць доўга жыву на свеце, каб ведаць, што выпадковасцяў не бывае. Найлепшыя розумы кантынента дасюль спрабуюць зразумець, што ж менавіта лорд Шыва зрабіў з намі падчас Зацямнення. А я скеміў, што ў маіх руках — каштоўны і старанна зашыфраваны адказ. І толькі ад мяне залежыць, ці дазнаецца хтосьці праўду.

І я ўзяўся за пісьмовы пераклад.

Вядома, мне карцела ўлезці ў светапогляд героя, у ягонае разуменне перажытых прыгодаў. Асабліва там, дзе Кніжнік сустракае аватару Харыхары і атрымлівае адказы, якія чалавецтва чакае сёння. А яшчэ там, дзе ён абсалютна не разумее ўласнай ролі ў Зацямненні праз затлумленую хрысціянскімі спрашчэннямі галаву. Але перакладніцтва — сакрамант. Таму я пакінуў некранутымі ўсе забабоны. Хай кожны дэшыфруе гэтую прыпавесць нанава і самастойна.

Цяпер, калі я выдаю свой пераклад, ужо і валасы маіх сыноў пасівелі.

Мая прадмова ёсць і паслямовай.

Гісторыя пачынаецца са шчаслівага канца. Тры сшыткі пераўтварыліся ў кнігу, калі рукапіс завяршыў сваю вандроўку ў Калкаце.

Кніжнік дайшоў да світанку. Мы зноўку зведалі ноч.

Пралог 1

Не бывае чакання без неспакою. Гэтага званка я чакаў адзінаццаць месяцаў, і было тое яшчэ тады, калі фраза “чакаць адзінаццаць месяцаў” мела хоць нейкі сэнс. Тэлефон зазваніў толькі пасля таго, як я канчаткова страціў надзею. Так усё і пачалося.

Чым я займаўся? Прыгадаць будзе нескладана. Бо чым ёсць адзінота? Гэта калі з табой не здараецца нічога такога, што б ты не прыдумаў сам. Паправачка: я ж не самотны — я Герду маю. Але сабуля была ўжо наеўшыся-нагуляўшыся, таму соладка спала ў ложку, дзе, дарэчы, спаць ёй забараняецца. Ды ведаю я, што “сабуля” — “ён”! Але не магу я вось так сваёй сяброўцы пол змяняць. Прынамсі, без яе пісьмовага дазволу. Вось сапраўды — беларуская мова да сабачак жаночага полу такая ж няўмольная, як карэйская нацыянальная кухня.

Як і ў трыста трыццаць папярэдніх начэй, я заліпаў у яблычнік на маіх каленах. Апошняя навіна, перададзеная насельніцтву Зямлі, перш чым эра інтэрнэту завяршылася, паведамляла пра поспехі ў стварэнні штучнага чалавека ў Каліфорніі. Графітавая істота не толькі ўдала прайшла тэст Цьюрынга, але і вельмі пакрыўдзілася, калі ёй растлумачылі, для чаго задаваліся ўсе гэтыя пытанні.