Читать онлайн «Стомленасць Парыжам»

Автор Леанід Дранько-Майсюк

Леанід Дранько-Майсюк

СТОМЛЕНАСЦЬ ПАРЫЖАМ

Вершы і эсэ

Падрыхтаванае на падставе: Леанід Дранько-Майсюк, Стомленасць Парыжам: Вершы і эсэ. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1995. — 191 с. [1 л. ] партр.

Рэдактар: В. М. Хлебавец

© OCR: Камунікат. org, 2010

© Інтэрнэт-версія: Камунікат. org, 2010

Інтрадукцыя

Преследуемый Аполлоном,

я превращусь в осенний куст золотой,

одетый сеткой дождя на лесной поляне.

Аляксандр Блок

21 верасня 1991. У змроку, пад халодным дажджом, кожны бледны ліхтар — праўдзівае сэрца, з якога выцекла кроў. Любячы дождж і змрок, я йшоў па Людаманце і назіраў за ліхтарамі, нібыта за мноствам бяскроўных сэрцаў. Мусіць, гэты мой візуальны занятак і навёў на трывожную думку, што паэзіі часам бывае недастаткова, каб зразумець каханую. Геронты (нястомныя дарадчыкі майго пісьма, імя якім — смутак і весялосць), праслухаўшы першыя вершы, прысвечаныя Ёй, павучальна прамовілі: «Гэта цудоўна, але ты спіш. Каб зразумець каханую па-сапраўднаму, трэба прачнуцца». I яны падказалі, што выйсці з вершаванага сну можна пры дапамозе кароткай дзённікавай прозы і што занатоўваць гэтую прозу трэба не за сталом, а... у ложку. I нават не зусім у ложку, а, перагнуўшыся праз яго край, пісаць на паперы, якая павінна ляжаць на падлозе. «Чаму?» — я неверагодна здзівіўся. «А таму, што дзякуючы такой позе надта не разгонішся,— усміхнуліся хітрыя геронты,— і твая белетрыстыка сапраўды будзе кароткай. А яшчэ, і гэта найважней для адчуванняў (тут іхні голас пасур'ёзнеў), пры такой нязручнай для пісьма паставе, сэрца баліць гэтак жа, як і ад разумення, што каханне тваё — лістападнае».

23 верасня 1991. Дык вось, пачынаю занатоўваць імгненні сваёй прыватнай вечнасці, пішу прозу, каб выйсці з вершаванага сну.

Аднак не ўпэўнены, ці варта захоўваць прапанаваную тэхналогію пісьма. Мае геронты ў парадах сваіх часам бываюць віртуозна-насмешлівыя. Тым не менш, перагнуўшыся праз край ложка, гэтыя вось радкі марудна выводжу на паперы, якая ляжыць на падлозе, і адчуваю, што сапраўды пры такой нязручнай для пісьма паставе сэрца баліць гэтак жа, як і ад разумення, што каханне маё — лістападнае.

25 верасня 1991. Вырастае непахісная герма стомы. Заместа скульптурнае галавы яе вянчае мая цярплівасць, а долу пакладзена экзальтацыя Блока: «Гибель Titanic'а, обрадовавшая меня несказанно (есть еще океан)». Аднак далей прыпісана: «Бесконечно пусто и тяжело... » Чакаю Яе, але Яна не прыйшла, адно пажалілася па тэлефоне: «У нас не ладзіцца размова, таму што я даўно не чула тваіх вершаў». Прамаўляю на памяць «Ты,— памножаная на неба... », і Яна лагодна заціхае. Спрабую выбраць у Блока нешта светлае. Не чытаць жа каханай пра пагібель Titanic’a.

26 верасня 1991. Размаўляем. Блок наш трэці суразмоўнік: «Печальное возвращение домой — мокро, женщины возвращаются из театров похорошевшие и возбужденные... » У алькове маёй свядомасці стаілася нецярпенне. Чырвоная свяцільня крыві асвятляе тунель адамізма. Першаю ў гэтым тунелі апынаецца душа, і яе працінае нястрымная страла срэбра.

27 верасня 1991. Тут, на Людаманце, і там, на Нямізе, а таксама скрозь у гэтым горадзе, жанчыны захоўваюць у сваіх кветаложах эфірны халадок — напамін пра далікатныя пальцы гінеколага. Кожная жанчына трывожна прыслухоўваецца да раптоўна выяўленай фібраміомы, але чуе хіба што актаўны шэпт удвое складзенага рэцэпта ці адажыо надзеі, якая раптам здраджвае і памірае першай.