Читать онлайн «Мэфіста. Раман аб адной кар'еры»

Автор Клаус Манн

Клаўс Ман

Мэфіста

Раман адной кар'еры

Актрысе Тарэзе Гізэ прысвячаецца

Усе памылкі чалавека я дарую актору, ніводнай памылкі актора я не дарую чалавеку.

Гётэ. Вільгельм Майстэр

Пралог

1936

— Кажуць, у адным прамысловым цэнтры на захадзе Германіі асудзілі больш за васемсот рабочых, усіх да катаргі, і гэта на адным толькі працэсе.

— Па маіх звестках — пяцьсот, а больш за сотню нават зусім не судзілі, іх потайкам забілі, за перакананні.

— А што, хіба ў іх такія нізкія заробкі?

— Мізэрныя. І ўсё падаюць, а цэны растуць.

— Афармленне опернага тэатра на сённяшні вечар, кажуць, каштавала шэсцьдзесят тысяч марак. Ды яшчэ сама мала тысяч сорак дадатковых выдаткаў, не лічачы стратаў грамадскай касы ад пяці дзён прастою тэатра, зачыненага для падрыхтоўкі ўрачыстага балю.

— Міленькае сямейнае свята, дзень нараджэння, бачыце...

— Брыдка і агідна, а вось жа даводзіцца ўдзельнічаць ва ўсім гэтым балагане.

Абодва маладыя замежныя дыпламаты галантна ўсміхаючыся, раскланяліся з афіцэрам у параднай уніформе, які лішне цікаўна зірнуў на іх у манокль.

— Сабраўся ўвесь генералітэт!

Яны загаварылі зноў ужо зводдаль ад параднай уніформы.

— Усе ўзахлёб гавораць пра мір, — злосна заўважыў адзін.

— Ці надоўга таго захлёбу хопіць? — весела ўсміхнуўся другі, кланяючыся мініяцюрнай даме з японскай амбасады, якая дробненька і далікатна перабірала ножкамі, ідучы пад руку з марскім афіцэрам.

— Мы павінны быць гатовыя да ўсяго.

Да маладых пасольскіх аташэ далучыўся нейкі панок з міністэрства замежных спраў, і гаворка адразу перакінулася на пахвалы раскошы і прыгажосці святочнага ўбранства залы.

— О так, няма дзіва, гер прэм'ер-міністр любіць такія рэчы, — крыху разгублена сказаў панок з міністэрства замежных спраў.

— І ўсё з такім густам, — ці не ў адзін голас захапляліся дыпламаты.

— Вядома, — крыўдліва сказаў панок з Вільгельмштрасэ.

— Такой пышнасці сёння нідзе не пабачыш, хіба толькі ў Берліне, больш нідзе, — дадаў іншаземец.

Той, з міністэрства замежных спраў, нейкую хвілінку памарудзіў, перш чым адважыцца на ветлівую ўсмешку. У размове запала паўза. Усе трое агледзеліся і прыслухаліся да свяшчэннага шуму.

— Каласальна, аж вочы рве! — ціха сказаў нарэшце адзін з двух маладых людзей гэтым разам ужо без ніякага сарказму, насамрэч уражаны, бадай, нават спалоханы неверагоднай велікапышнасцю вакол сябе. Бляск свяцільняў і казытлівыя пахошчы насычалі паветра так густа, што яму сляпіла вочы. Увесь трапяткі, ён недаверліва ўглядваўся ў гэты распраменены рух.

"Дзе гэта я? — падумаў малады чалавек, ён прыехаў з адной скандынаўскай краіны. — Раскошу тут любяць, выдаткаў не шкадуюць, страх падумаць. Такія ўсе прыгожыя, выштукаваныя, гулліва-радасныя, самі просяцца ў давер. Рухаюцца, акyрат як марыянеткі, — дзіўна, неяк вуглавата, нават патузваюцца. Вачыма нешта кожнае цікуе, позірк нядобры, шмат страху і жорсткасці. У нас дома людзі глядзяць інакш — прыветлівей, больш раскавана. І смяюцца інакш, у нас там, на поўначы. У тутэйшых смех пакеплівы, у ім нешта як бы ад роспачы: дзёрзкае, правакацыйнае і безнадзейна злоснае, жудасна журботнае. Так не смяецца той, каму добра, каму ў сваёй скуры ўтульна. Людзі сумленныя так не смяюцца".