Уладзімір Жылка
Вершы
Згінь, нядоля
Многа мінула год,
Як завём свой народ,
Як мы клічам яго
Панам стаць сваяго.
Песням, казкам уняць,
Старадаўні тон ўзяць, —
Тую славу ўскрасіць,
Што ў капцах ціха спіць.
Путы, ёрмы пазбыць,
Вольна й шчасна зажыць.
Ды не ўчуў наш народ
Гэты кліч з году ў год.
А ў суседніх краёх
Падымаўся, хто мог:
І стары, і малы
Йшоў на зоў грамавы,
Новы шлях пракладаў,
Будучыню каваў,
Неумоўчна званіў,
Што не ўмёр, яшчэ — жыў!. .
Чаму ж ты не ўстаеш,
К волі светлай не йдзеш?
Ці ты волю забыў?
Ці ўжо выбіўся з сіл?
Ці напасці цябе
Не завуць к барацьбе,
Што цярпіш многа год,
Мой гаротны народ?!
Беларусь
Беларусь, Беларусь — гэты зык
Паліць душу маю, як агнём.
Я не ведаю, чым ён вялік,
Але думак не змог я аб ём.
Як пачую яго, задрыжыць
Маё сэрца, заные ў грудзях,
І балюча так робіцца жыць,
І шукаеш чагосьці ў людзях.
Беларусь, Беларусь… гэтых слоў
Пойме музыку, хто ўсёй душой
Іх магутны, тужлівы іх зоў
Зловіць думкай сваёю жывой, —
Затрапеча, бы ранены, ён,
Задрыжыць пад навалаю дум:
Гэткі страшна-пакутны іх стогн
І аб волі бязмерны іх сум.
Беларусь, Беларусь — гэта дзей
І разумных, і слаўных прыклад;
Край вялікіх і дум, і людзей,
І бяздольна схіліўшыхся хат,
Дзе нядоля і гора спрадвек
І бяднота сярмяжных жывуць,
Крыўда дзе, паняверка і здзек
Краскай макавай ярка цвітуць.
Беларусь — край замчышч, курганоў,
Дзе таяцца страхоцці і звод,
Дзе русалкі выходзяць з віроў
І начніцы вядуць карагод,
Дзе пад шум каласоў ведзьмары
На палетках заломы кладуць
І ў купальскую ноч у бары
Забабоны ў пацёмках снуюць.
Покліч
Пад штандар бел-чырвона-белы
Гартуйся, раць, адважна, смела
Адважных, храбрых ваякоў!
І ўспомняцца старых вякоў
Паходы мужныя у славе,
Часы Альгерда, Ізяслава,
Грунвальдскі з немцам бой!
І боек даўні цяг з Масквой!
Пад знак Літоўскае Пагоні —
Абараняць краіны гоні,
Народ забраны вызваляць,
Ісці к святлу, святлом палаць —
Спяшайся той, хто к волі рвецца,
Ў кім беларуса сэрца б'ецца!
Збірайцесь — ўсе, як бы адзін, —
Арлы радзімых пушч, нізін!
Не плач, не плач па сыну, маці, —
Сягоння сорам быць у хаце,
Бо ўзнят за волю грозны меч,
Бо хутка будзе злая сеч,
Няхай і ён, юнак адважны,
Ідзе туды, дзе б'ецца кажны
За волю новую без слёз,
За лепшы Бацькаўшчыны лёс.
Пад штандар кожны здатны, гожы,
Досць нас наезнікам варожым
Трымаць ў прыгоне, беднаце,
Смяяцца нашай цемнаце,
Багацце краю нішчыць, пляжыць —
Чужынцу годзе намі княжыць
І карыстацца з нашых плеч!. .
Мы к волі йдзем — з дарогі прэч!. .
Я кахаў
Я кахаў… Ах, калісьці даўно я кахаў!
Аж тады, калі моладасць ззяла ў вачах,
Калі гора і смутку я, дужы, не знаў
І адвага кіпела ў грудзях, —
Шчэ тады, аж тады я кахаў!. .
Але збег і загінуў, як мара, той час:
Пагубляў я ўсе радасці год маладых
І сябе, і жыццё праклінаю не раз…
А цяпер, як у небе пас зор залатых,
На шляху маім свеціць той час.
Матылі