Кузьма Чорны
Хвоі гавораць
Апавяданне
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2015
I
Мне важна слухаць яго выказванні аб тым, чым у вострыя моманты жыцця повен ён, я яшчэ ўпэўнены ў тым, што і для яго гэта палёгка, і я думаю так: няхай ён гаворыць аб чым сабе хоча, а я буду з па-за гэтых слоў чуць тое, аб чым ён не гаворыць, аб чым толькі думае… А што яго нешта мучыць, гэта відаць па ім. Што ў яго?
Гэта не ёсць мая пустая цікаўнасць, гэта жаданне блізасці з гэтым чалавекам.
«Гавары ты, дзядзька, аб чым-небудзь» – хочацца сказаць мне.
А ён маўчыць. Звесіў босыя ногі з насыпанага над канавай вала, укрытага пажоўклай травой, і глядзіць уніз. Там, на дне гэтай неглыбокай і вузкай канавы, трава таксама жоўтая, але большая; відаць з яе конскую спарахнелую сківіцу з некалькімі зубамі і з вялікаю чорнаю мухаю; збоку паточаны мурашкамі дробны, як пыл, жоўты пясок.
Я гавару першы:– Мусіць, халады хутка пачнуцца – вельмі ж сівагракаў аднекуль паналятала. Сягоння па паўдні я ішоў з кустоў, дык там гэта, што Юрась заараў ялавіну, дык на той раллі што іх робіцца – бегаюць, скачуць…
– То што, – сказаў дзядзька Язэп, – не заўсёды яны прылятаюць перад холадам, я не спрактыкаваўся, каб яны канечне паказвалі холад… Гэта ёсць такія маленькія птушкі – бычкі, дык яны вядуцца хто іх ведае дзе, а калі пачуюць холад – адразу з'яўляюцца каля будынкаў… Гэта даўней, як я яшчэ хлопцам быў, дык пайшоў быў раз у сад лом сеч. Пацягнуў ламачыну, а яны з-пад яе калі сыпануць кучаю – дробныя, як гарох, і якраз неўзабаве тады, калі даў холад! Праўда, восень была позна… Птушкі чуюць холад…
Ён з захапленнем расказаў аб гэтым, а я падумаў: «Калі ён так горача, з такою прыемнасцю гаворыць аб гэтым, значыцца, праўда, што нешта яго мучыць, нешта гняце яго істоту, і вось гэтае самае ён хоча ўтапіць у даўнейшай восені, у ломе, у саду і ў птушках, якія чуюць холад…»
Як кагадзе ішлі мы з ім з поля вузкаю дарогаю між палос раллі і ржышча, я думаў запытацца, што з ім, чаго ён такі неспакойны ў голасе, а цяпер рашыў не пытаць – няхай сам скажа, а калі не – хто мае права залазіць у чужую душу? Асабліва, калі не ўпэўнены, што словы твае будуць лекамі. Глядзі, каб не залезці ў чужую душу з цвёрдымі капытамі…
Дзядзька Язэп памаўчаў і загаварыў:
– Гэты год будзе ранняя восень, відаць… Толькі, от, з аўсамі запазніліся… У мяне яшчэ коп пяць ня звезенага, а ў Юрася ўвесь на полі…
– Невялікая работа – пазвозіць авёс, – сказаў я.
– Я не кажу, што вялікая… цяпер авёс буйны, дык яго лёгка рублём уціскаць… Я памятаю, даўней раз у мяне авёс ледзьве быў з зямлі падняўся, не то што жаць, а сілаю, гвалтам я скасіў яго… Там гэта каля лесу… рана паспеў ён, дык яго кашу, а хвоі шумяць-шумяць…
«Ён ізноў пайшоў убок з гаворкаю, – падумаў я, – ужо ў хвоі падаўся, яму, значыцца, лягчэй гаварыць аб чым-небудзь другарадным».