Читать онлайн «Людзі і маланкі»

Автор Леанід Дайнека

Леанід Дайнека

ЛЮДЗІ І МАЛАНКІ

Раман

Падрыхтаванае на падставе: Леанід Дайнека, Людзі і маланкі. Раман, — Мінск: Мастацкая літаратура, 1973. — 368 с.

Copyright © 2015 by Kamunikat. org

Памяці маці маёй,

Тэклі Іванаўны

І

Старога Ігната Радзімовіча клалі ў печ. Нявестка Аўдоля падтрымлівала свёкравы ногі, сын Прахор, узяўшы бацьку пад пахі, штурхаў яго ў худыя вузкія плечы.

— Не падкурчвайце ногі, тата, — казала Аўдоля, чырвоная ад гарачыні, што веяла з печы. — Я там саломкі аўсянай пацерусіла, халоднай вадой яе папырскала. Палежыце там, папарыцеся, косці вашы размякнуць... Можа, дасць бог, і хвароба выйдзе.

Ігнат нічога не адказваў ёй, маўчаў, здавалася, усміхаўся сам сабе. Быў ён зусім голы: тырчаць рэбры, зморшчаная васковая скура, як шэранем, абсыпана рэдкімі сівымі валасамі. Ён маўчаў, толькі сухой рукою ўсё стараўся схаваць ад вачэй нявесткі свой мужчынскі гонар.

А яна пазірала на старэчае цэла спакойна, будзённа.

Нарэшце старога ўвапхнулі ў печ. Толькі ягоная галава з вялікай лысінай тырчала адтуль, ды вочы блішчалі сіне-сіне, як васількі пасля дажджу. Прахор, такі ж лысы, як бацька, стаяў, адсопваючыся, каля печы. Аўдоля мачала бярозавы венік у вядро з вадою і пырскала ваду ў печ, каб свёкру лягчэй было цярпець гарачыню. »

І яшчэ чацвёрты чалавек быў у хаце. Прахораў сын, васемнаццацігадовы Антон, завёў каня на луг і цяпер стаяў ля парога з аброццю ў руцэ. Быў ён высокі, худы, вузкі ў касці. Сінія вочы глядзелі трошкі разгублена. Ягоныя валасы кучаравіліся; ззаду былі цёмныя, спераду — колеру бурага восеньскага лісця. Абуты ён быў у стаптаныя лазовыя лапці, якія замачыў у лузе.

— Выцеры ногі! — крыкнула яму маці.

Антон, быццам не пачуў яе, стаяў, глядзеў у печ, з якой віднелася дзедава лысіна, пакрытая буйнымі кроплямі поту.

Усе маўчалі. І ўсе думалі — кожны сваё. «Хутчэй бы ўжо... — думаў Прахор, — гаспадарка зусім развалілася. Збіраўся да Баўтрука наняцца лес пілаваць, ды дзе там... Хлеба толькі да калядаў хопіць, а там хоць салому са страхі еш... »

Аўдоля ж разважала так: «Хату трэба перасыпаць, згніла... Дзіну замуж аддаваць — сохне дзеўка. На адну падушку наскубла пер'я, і ўсё... Ці ж гэта можна, каб дзеўка з пустымі рукамі ў чужую хату ішла? А грошай ні капейкі няма. Няўжо ён, — яна глядзела на свёкра, што абліваўся потам, — не схаваў дзе-небудзь хоць які рубель?. . »

І толькі Антон думаў зусім пра іншае. Яго маладая душа яшчэ не скамянела ад гэтага бруднага, галоднага, няўтульнага жыцця. Ён мог яшчэ плакаць і смяяцца, не хаваючыся ні ад сябе, ні ад людзей, шчыра і непасрэдна, як робяць гэта ў юнацтве. Ён сціскаў рукой мокрую аброць, з якой капала вада, і думаў: «Учора дождж ліў, а сёння мокры снег ідзе... Як памрэ дзед, закапаем яго ў магілу, а ў ёй халоднай вады да краёў... » Ад такой думкі яго самога аж да касцей працінаў холад, хоць у хаце было горача.

— Памажыце мне вылезці, — папрасіўся раптам стары. Голас яго дрыжаў.

— Можа, бацька, яшчэ трохі паляжыш?. . Пацярпі... — Прахор падышоў да самай печы, схіліўшы галаву, глянуў у яе.