Аднарог

Зінаіда ДУДЗЮК

АДНАРОГ

Аповесць

1

Уладзік ехаў у дзіцячай калясцы, круцячы рукамі высокія колы, і яна паціху пхалася па пясчанай дарозе. Найбольш ён баяўся загрузнуць у пяску, старанна аб’язджаў небяспечныя мясціны, а на ўсялякі выпадак меў пры сабе моцны кій, каб можна было скрануць сваю таратайку з месца, як човен, які сеў на мель. Вецер задзіраў угору ягоную выбеленую за лета грыўку, казытаў у носе насеннем травы і пылам, шкуматаў майку. Хлопчык зірнуў на таполі, што ўсхвалявана шумелі пры дарозе, на неба, дзе сабраліся шэрыя хмаркі, і падумаў, што, мусіць, будзе дождж. Хутка пачнецца восень, ягоныя равеснікі пойдуць у другі клас, а яму давядзецца сядзець дома. Асабліва было горка, калі пачыналася непагадзь ці навальвала снегу, тады нават на вуліцу не выйдзеш. Добра, што былая настаўніца, а цяпер пенсіянерка, Леакадзія Максімаўна, зімой навучыла яго чытаць і пісаць. Цяпер Уладзік чытаў усё, што толькі трапляла ў рукі, а пісаў неахайна і не любіў гэты занятак.

Зараз ён спяшаўся. Хацеў паспець да прыходу аўталаўкі, бо ў хаце не засталося ані крошкі хлеба. Грошай у хлопчыка таксама не было, але ён спадзяваўся пазычыць у каго з вяскоўцаў, каб потым з пенсіі аддаць. Гэтак ён рабіў і раней, калі мама некуды сыходзіла. Ён атрымліваў дапамогу па інваліднасці і пры сваіх нерухомых нагах адчуваў сябе даволі самастойным чалавекам. Хвароба ягоная была не безнадзейная. Дактары браліся лячыць, але ўсё нешта замінала гэтаму. Двойчы мама здабывала недзе грошы, везла сына ў сталіцу, але так і не магла давезці. Першы раз яна сказала, што грошы ў яе ўкралі, другі раз, што сама згубіла. Што і гаварыць, не шанцуе Уладзіку. Учора захварэла маленькая сястрычка, пасінела ўся, зрабілася непрытомная. Маці павезла яе ў райцэнтр, і да гэтага часу не вярнулася. А Уладзіку думай і рабі, што хочаш, а дома ж сякая-такая гаспадарка: парсючок, куры, кот. І ўсе есці хочуць. Ён нарваў парсючку травы і ўкінуў у карыта. А куры з катом няхай самі якую ежу шукаюць. Сабе ён назбіраў недаспелых яблыкаў і ўсе паеў да абеду, але ж яблыкамі сыты не будзеш. Хочацца хлеба...

Над вуліцаю нізка і хутка, як стрэлы, снавалі ластаўкі, і Уладзік прыйшоў да канчатковай высновы, што будзе дождж. Пра такую прыкмету казала бабуля Маня, калі была жывая. Зноў яму давядзецца падстаўляць вялікую міску пад дзірку, дзе працякае страха. Гэтая старая хата дасталася маме ад бабулі, якая летась памерла, а раней, гадоў колькі таму, Уладзік жыў у горадзе. А потым тата паехаў некуды на заробкі і знік, не адгукаўся ні лістом, ні званком. Мама засталася з хворым сынам, вось і мусіла вяртацца ў вёску. Эх, каб пасяліцца хоць бы ў аграгарадку! Там школа блізка, хлопцаў-равеснікаў шмат, а тут адны старыя, як яны самі кажуць, дажываюць век. А яшчэ лепш было б, каб Уладзік умеў лётаць, як ластаўкі. Адна хвіліна — і ты ўжо ў тым канцы вуліцы, другая — назад вярнуўся. Гойсай куды хочаш, хоць за возера, хоць за балота, хоць за лес з ранку да вечара. І ніякае табе перашкоды!

На імгненне страціў Уладзік пільнасць — і ягоная таратайка забуксавала, па самыя восі ўлезла ў пясок. Ах, каб ты спрахла! Як жа гэта можна так варон лавіць! Уладзік узяў кій, упёрся ім у зямлю, спрабуючы зрушыць каляску з месца. І так налёг на левы борцік, што каляска наогул перакулілася, а яздок вываліўся з яе про­ста ў пясок. Ён сеў, абтрос пыл з майкі і трусоў, паставіў каляску на колы, выпхнуў на цвярдзейшае месца, але ўзлезці ў яе з зямлі не ўдавалася. Таратайка была старая, няўстойлівая, на высокіх колах. Яна ці перакульвалася, ці, нібы здзекваючыся, ад’язджала ўперад. Уладзік раззлаваўся, пачаў апантана накідвацца на каляску, але яна зрабілася яшчэ больш непаслухмянай.

Звычайна ягоная карэта стаяла ў двары каля ганку. Уладзік выпаўзаў з сянец і без цяжкасці зверху ўвальваўся ў сярэдзіну. А цяпер паспрабуй асядлай яе знізу. З дакукаю хлопчык думаў, што пакуль ён тут валаводзіцца, аўталаўка паедзе і яму давядзецца жыць без хлеба. Вернецца мама, а ў яго і на раз няма чаго ўкусіць. Ад гэтых думак яму зрабілася крыўдна, ад уласнай бездапаможнасці, на вочы нагарнуліся слёзы, ён выцер іх брудным кулачком і стомлена сцішыўся. Заставалася чакаць, што нехта з вяскоўцаў заўважыць яго і дапаможа. У такіх выпадках у яго заўсёды ўзнікала адно пытанне: чаму ўсе дзеці здаровыя, бегаюць па вуліцы, сябруюць, ходзяць у школу, а ён не можа? Адказу не было, замест яго з’яўлялася адчуванне страшэннай несправядлівасці, з якой ён вымушаны мірыцца.

— Што, брат, аварыя здарылася? — пачуў за спінай Уладзік голас дзеда Карнея Лесняка і ўзрадавана азірнуўся.

— Ага, перакуліўся, — азваўся хлопчык.

Карней падняў худзенькае Уладзікава цела і пасадзіў у каляску.

— Слаба ты, хлопец, расцеш. Лёгкі, як пушынка, — сказаў Карней, штурхаючы перад сабою каляску.

— Каб я хадзіў, дык і рос бы, а так сяджу, бы корч пры дарозе, ніякага руху...

— Калі цябе ўжо маці адвязе да доктара?

— Не ведаю... Учора наша Ангелінка захварэла... Мама як павезла яе ў бальніцу, дык яшчэ не вярнулася.

— Нічога, патрывай, будзеш ты бегаць. Ніхто цябе не дагоніць, — суцешыў стары малога.

З двара ўслед за Карнеем выйшла жарабя. Было яно такой чыстай белай масці, што на сонцы аж балюча на яго глядзець. Здавалася, што поўсць зіхціць і пераліваецца срэбрам. Уладзік радасна заўсміхаўся, паклікаў да сябе стрыгунка:

— Косю-косю-косю!

Але жарабя не звярнула на яго аніякае ўвагі.

— Жарэбчык да чужых не ідзе, — заўважыў хлопчык.

Карней паправіў яго:

— Гэта кабылка, Уладзік. А кабылкі заўсёды больш асцярожныя...

— Прыгожая! Пашанцавала табе, дзеду, — такога коніка сярод балота напаткаць...

— Не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло...

Пра тое, што Карней заблукаў у лесе, калі хадзіў у чарніцы, ведала ўся вёска. Два дні яго шукала міліцыя, а ён з’явіўся сам з жаробкаю і здзіўляўся, чаму яго шукалі, калі ён у тым лесе мо ўсяго гадзін на пяць забавіўся... Вясковыя жанчы­ны вырашылі так: мусіць, у Карнея падняўся ціск (калі дзед яго мерае?), страціў чалавек прытомнасць, а пасля ачомаўся ды і прысунуўся дахаты. Не стаў ім Карней тлумачыць, што тым днём ягоны гадзіннік быццам спыніўся... Ды і ўвогуле, хіба пра ўбачанае раскажаш? Падумаюць, звар’яцеў Карней. А вінавата ў прыгодзе якраз і было гэтае самае жарабя. Пайшоў за ім следам, хацеў злавіць. А яно ўсё не давалася, вось і прывяло старога дурня невядома куды...

Уладзік абарваў Карнеевы згадкі і папрасіў:

— Дзеду, пазыч, калі ласка, мне грошай на хлеб да пенсіі.

— Пенсіянер пенсіянеру ніколі не адмовіць, — усміхнуўся Карней. — Мо да хлеба яшчэ чаго хочаш прыкупіць?

— Не, мама сварыцца будзе... Мне толькі хлеб трэба. А там яна, як вернецца, дык няхай сама купляе...

2

Жанчыны сабраліся на пляцы каля будынка школы, што стаяў з павыдзіранымі вокнамі і разбітымі дзвярамі. Сюды звычайна прыязджала аўталаўка па аўторках і пятніцах. Здалёк сялянкі заўважылі Карнея, які ішоў злёгку накульгваючы (даўно балела правае калена) і вёз Уладзіка ў калясцы, прыязна заўсміхаліся.

— Нашы кавалеры ідуць, — сказала цётка з круглым тварам.

— Акрыяў Карнейка, а я думала не выжыве пасля смерці Мальвіны. Такі ўжо хадзіў як у ваду апушчаны, — уздыхнула другая.

— Яго жарабя на свеце і трымае. Ёсць дзеля каго жыць, — заўважыла трэцяя, — А слухайце, што чула... Фельчарка наша казала, што Інка моцна напілася і дала цыцку сваёй Ангелінцы. Дзіцятка як насмакталася таго малака з гарэлкаю, дык і пасінела ўсё. Цяпер у рэанімацыі ляжыць. Інка, мусіць, зноў запіла, а Уладзік без нагляду застаўся.

— Беднае хлапчанё, — заківалі жанчыны галовамі.

— Бяда, калі няма бацькі, а калі яшчэ і маці п’яніца — дык зусім гора вялікае, — сказала старая Тэкля, што сядзела на лаўцы, абапіраючыся на кіёк.

Да гурту падышоў мужчына сталага веку, жанчыны сустрэлі яго з павагаю.

— Як маецеся, Платонавіч? — спытала бойкая кабета.

— Нічога, жыву паціху.

— А дзе ж твая Максімаўна?

— Ды зноў паехала некуды па справах. Няма ёй ні пенсіі, ні адпачынку. Ды і гэта не блага. Я вось каторую з вас абдыму...

Платонавіч абшчаперыў тую, бойкую і мажную кабеціну. Яна роблена заверашчала, потым засмяялася, але не вырывалася, а даверліва тулілася да мужчыны. Ён выпусціў яе з рук, сказаў:

— Ладная ты маладзіца, Вольга, цябе з наскоку не абдымеш, трэба спярша патрэніравацца.

— Няма на каго мне сваю ласку траціць, хіба толькі на кароў, вось і абрастаю салам. Гэта мой арганізм так сябе бароніць, — яна зноў засмяялася.

На ўсю вёску засталося толькі двое мужчын: Платонавіч, жанаты з Леакадзіяй Максімаўнай, ды аўдавелы Карней. Жанчын жа было болей як дзясятак. Праўда, год таму з’явіўся ў вёсцы яшчэ Іван, мужчына няпэўнага ўзросту, якога тутэйшы люд называў Прыблудным. Прыйшоў ён невядома адкуль, заняў адну пустую хату і пераконваў усіх, што яму гаспадар дазволіў тут жыць. Іван нідзе не працаваў, шныраў па ваколіцах, падбіраў усё, што дрэнна ляжала, тым і жыў. Часта яго бачылі моцна п’яным. Старая доўгая вёска Вырай абязлюдзела і дажывала век, як і яе апошнія жыхары, якія, прадчуваючы свой паступовы зыход, стараліся трымацца гуртам, прыязна і сціпла.

У гэты час да вяскоўцаў падышлі Карней з Уладзікам, і ўсе позіркі зацікаўлена скіраваліся да іх. Мужчыны павіталіся за руку. Платонавіч не абмінуў увагаю Уладзіка. Хлопчыка гэта вельмі парадавала. Да пенсіі Платонавіч працаваў настаўнікам, усе яго паважалі, і для малога быў вялікі гонар — павітацца з ім за руку.

— Уладзік, а дзе твая мама? — спытала Вольга.

— Ангелінку ў бальніцу павезла, — адказаў хлопчык.

— А што здарылася з тваёю сястрычкаю?

— Захварэла раптам, пасінела ўся...

Вольга акінула ...

Быстрая навигация назад: Ctrl+←, вперед Ctrl+→