Читать онлайн «Жалезныя жалуды»

Автор Леанід Дайнека

Леанід Дайнека

Жалезныя жалуды

Некалькі слоў пра тое, як з'явілася гэта кніга

Была Чорная Русь, была Чырвоная, ёсць Русь Белая, але ніколі не было і (дай, неба!) ніколі не будзе Русі Шэрай.

З перадуманага

— Хто пасадзіў вас, дубы Панямоння?

— Пярун і Пяркунас.

Невядомы беларускі паэт XVI стагоддзя

Кожнаму насельніку цудоўнага беларускага краю ўласціва любіць даўніну сваёй зямлі, цікавіцца ёю.

Зміцер Леанардаў. «Полацка-Віцебская старына», выпуск II, 1916 г.

Усё пачалося з таго, што мне і маім калегам-пісьменнікам нарэзалі ў чыстым полі па чатыры соткі зямлі і прапанавалі зрабіцца садаводамі-аматарамі. Я, параіўшыся з жонкаю і сынамі, згадзіўся. Не тое, каб было ў мяне дужа шмат часу, але я ўспомніў, што я — сялянскі сын, ажыў ува мне сялянскі патрыятызм, які (вось дзіва!) ластаўчыным нявынішчаным гняздом ляпіўся ў душы. А мне ўжо гадоў дваццаць, калі не болей, здавалася, што я стопрацэнтны гараджанін. «І Парыж калісьці быў вёскаю», — бадзёра сказаў я сам сабе, купіў новую вострую рыдлёўку, апрануўся папрасцей і паехаў электрычкаю на сваю фазэнду. Дадому прыцёгся позна ўвечары. Балела спіна, смылелі далоні. Жонка са шкадаваннем пазірала на мяне. «Ці ёсць у нас родзічы або знаёмыя сярод палярных лётчыкаў?» — звышбадзёра спытаўся я ў яе. «Навошта табе?» — не зразумела, разгубілася жонка. «Ды праз год трэба заказваць грузавы самалёт. Завалім Нарыльск беларускімі агуркамі і клубніцамі».

Гэта, вядома, быў жарт. Але капанне на невялічкім участку захапіла мяне і ўсіх маіх сямейцаў. Мы, як, дарэчы, і нашы суседзі, паступова пачалі адчуваць сябе антэямі, якім дае сілу адзін толькі дотык да роднай зямлі. А я ж капаўся на ўчастку цэлае лета, бо вырашыў уласнымі рукамі заліць падмурак пад хату.

Трэба зазначыць, што сыны ў мяне з фантазіяй.

«Добра было б выкапаць зараз паўнюткі гаршчок золата», — сказаў аднойчы малодшы сын, выціраючы з ілба гарача-салёны пот. «Золата? На гэтым полі?» — іранічна глянулі на яго старэйшы і сярэдні мае сыны. Юныя няверы мелі рацыю. У свой час гэта зямля стваралася не для золата. Калісьці ледавік, як няўмольны магутны бульдозер, прыпоўз сюды са Скандынавіі і страціў сілу, пакінуўшы пасля сябе безліч марэнных узгоркаў. Не адну рыдлёўку разбіў я з сынамі аб камяні. «Добра было б выкапаць тут старадаўнюю берасцяную грамату, — не здаваўся малодшы.  — Да Заслаўя адсюль два кіламетры, а Заслаўю — тысяча гадоў». Пры гэтых словах ягоныя апаненты прыціхлі і спарней налеглі на рыдлёўкі. А я з нечаканым сорамам адчуў, што яшчэ тыдзень-другі, і садавод накаўціруе ўва мне пісьменніка, які, як пішуць крытыкі-ўсяведы, «распрацоўвае гістарычную тэматыку». Я ж і сапраўды капаюся ў святой зямлі! Амаль тысячу гадоў назад тут магла хадзіць Рагнеда! Ізяслаў мог ехаць следам за маці на рахманым нетаропкім коніку! Будучы полацкі князь быў яшчэ дзіцем, і яму давалі адпаведнага каня!

Назаўтра ў нашым сямейным катлаване, які мы капалі ўжо месяц, пачалі адбывацца цуды. «Знайшоў!» — крыкнуў раптам старэйшы сын, укленчыў і голымі рукамі пачаў разграбаць рыжы вільготны жвір. «Нейкая жоўтая папера! Нейкія старадаўнія пісьмёны!» — усхвалявана залапаталі два астатнія мае жэўжыкі. Ах, манюкі! Ах, мілыя сабачаняты! Вось чаму яны ўвесь вечар круціліся ўчора, як змоўшчыкі, каля газоўкі — рыхтавалі, капцілі «старадаўнюю паперу», а сёння падкінулі яе ў катлаван. Класічны прыклад навукова-археалагічнай фальсіфікацыі! Было ўжо такое, сынкі, не раз было. Нядаўна я даведаўся, напрыклад, што ёсць вучоныя, якія катэгарычна адмаўляюць існаванне ўсёй антычнасці, гэта значыць не вераць у старадаўнюю Грэцыю і Рым, ва ўсе гэтыя цудоўныя статуі, будынкі, фрэскі. Маўляў, іх «падрабілі» тытаны Адраджэння. Шмат жа давялося б ім падрабляць! Але як бы там ні павярнулася, я быў удзячны сынам за своечасовы напамінак, што зямля, на якой мы будавалі сваю хату, не магла быць і не была бясплоднай у гістарычным плане. Гісторыю і экзотыку мы, беларусы, шукаем звычайна ў Францыі, чытаючы Дзюма, у Англіі і Шатландыі, чытаючы Вальтэра Скота. Але яшчэ Сенека сказаў: «Радзіму любяць не за тое, што яна вялікая, а за тое, што яна радзіма».