Читать онлайн "Закон захавання кахання"

автора "Зінаіда Дудзюк"

  • Aa
    РАЗМЕР ШРИФТА
  • РЕЖИМ

Зінаіда ДУДЗЮК

ЗАКОН ЗАХАВАННЯ КАХАННЯ

Аповесць

1

Адамкнуўшы ключом дзверы, Ада пераступіла парог пакоя інтэрната, паставіла рэчы на падлогу і агледзелася: ложак, стол, канапа, дзве ўбудаваныя шафы пры ўваходзе — мелася ўсё неабходнае для сціплага існавання. Тут ёй належала пражыць два гады, а пасля... Цяпер пра будучыню думаць не хацелася. Яна была задаволеная, што нарэшце здзейснілася даўняя мара: яе залічылі на Вышэйшыя курсы пры Літаратурным інстытуце, а таму не жадала азмрочваць настрой ніякімі разважаннямі ні пра мінулае, ні пра будучыню. Годзе, ужо ўсяго хапіла! Трэба паспрабаваць жыць адным днём, балазе для гэтага стварыліся пэўныя ўмовы.

Яна нават не стала распакоўваць валізку, яшчэ паспее, а вырашыла неадкладна ехаць у Літаратурны інстытут, каб заявіць аб сваім прыездзе і даведацца пра расклад заняткаў, якія пачыналіся з панядзелка. У калідоры сустрэлася з высокім хлопцам у акулярах, які першы павітаўся і спытаў:

— Прыехалі на курсы?

— Так, — адказала Ада.

— Будзем аднакурснікамі, — весела прамовіў ён. — Мяне завуць Гоша. Я з Кіева. А вы адкуль?

Яна назвала сябе, сказала, што з Беларусі, з Бабруйска, і спытала, як дабрацца да Літінстытута. Гоша растлумачыў, што з перасадкаю на метро трэба даехаць да плошчы Пушкіна, а там ужо на Цвярскім бульвары рукой падаць да дома Герцэна.

Ада шмат разоў была ў мінскім метро, але, мусіць, падземная дарога там залягала не так глыбока, як у Маскве, таму яна зараз звярнула ўвагу, як нахіляюцца ўперад людзі, якія падымаюцца на эскалатары, быццам хочуць хутчэй выйсці на паверхню, і як адхіляюцца назад тыя, што едуць да цягніка, нібы падсвядома супраціўляюцца спуску ўніз, у падзямелле. Сама паспрабавала стаць роўна, каб нікуды не хіліцца, але гэта была дарэмная спроба. Заўважыла, што і яе постаць адхіляецца назад, быццам баіцца трапіць у апраметную. Безумоўна, гэта толькі першае ўражанне, пасля прывыкне і не будзе звяртаць увагі, а мо яшчэ і пачне бегаць, як вунь той чарнявы хлопец, што паскакаў уніз ледзь не праз дзве прыступкі эскалатара.

Электрычка даімчала Аду да патрэбнай станцыі вельмі хутка. За той час яна толькі паспела разгледзець свой трохі стомлены з дарогі твар, адлюстраваны ў вагонным акне. Выйшла з падземнага перахода, убачыла сумную постаць Пушкіна, які з п’едэстала журботна пазіраў на мноства машын і людзей, ад якіх ажно мільгацела ў вачах. Вялікі паэт наперад ведаў, што ўся іхняя мітусня — пустая трата каштоўнага часу, адведзенага кожнаму чалавеку вышэйшымі сіламі. Мала хто з гэтых мурашоў, стомленых і вясёлых, злосных і абыякавых, знайшоў свой сапраўдны шлях у жыцці і шыбуе да канкрэтнай мэты. Большасць з іх заблудзіліся паміж працаю і сям’ёю, цягнуць воз са скрыпам, сварацца, мірацца і паміраюць, так не зведаўшы, якое ж яно павінна быць чалавечае шчасце.

Мабыць, Ада ў гэтай гурме была рэдкім выключэннем. Яна здзейсніла мару, паступіла на вучобу, куды хацела, пераадолеўшы адчайныя пратэсты і супраціў мужа. Пра свой намер сказала яму толькі за тыдзень да ад’езду, але і гэтага часу хапіла, каб выслухаць ад яго абвінавачванні, абразы, здзек далёка не заўсёды ў межах цэнзурнай лексікі. Урэшце яна не вытрымала, сабрала рэчы і сышла да маці, якая на яе таксама навалілася з павучаннямі не рабіць глупства і трымацца сям’і.

«Якой сям’і? — абурана думала Ада. — Не кахаю яго. Мо ніколі і не кахала».

Так, здалося, аднойчы, што Мечыслаў — добры хлопец. Ён такі і быў: пакладзісты, спакойны, памяркоўны, але толькі да вяселля. А потым пачаў ставіцца да яе, як да рэчы, якая павінна слугаваць і падпарадкавацца яму ва ўсім. Безумоўна, Ада паспяшалася з замужжам. Маці ўсё чаплялася:

— Табе ўжо за дваццаць. З гэтаю вучобаю застанешся старою дзеўкаю... Каму ты трэба будзеш з тваім дыпломам?

Ада тады вучылася завочна на трэцім курсе філфака ў Мінскім педінстытуце, працавала спачатку ў школе лабаранткаю, а яшчэ з восьмага класа перыядычна друкавала вершы ў раёнцы. Яе добра ведалі ў рэдакцыі, запрасілі на працу, дзе яна вяла аддзел пісьмаў, а таксама збірала матэрыялы для літаратурных старонак, таму аўтаматычна стала кіраўніком літаб’яднання.

Яшчэ калі працавала ў школе, на яе звяртаў увагу настаўнік фізкультуры Мечыслаў, а калі перайшла ў рэдакцыю, дык пачаў настойліва прапаноўваць пабрацца, а тут маці насела са сваімі ўгаворамі ды парадамі. Ада здалася пры адной умове, што дзяцей не будуць заводзіць, пакуль не скончыць інстытут. Пабыла з год замужам і зразумела: не той Мечыслаў чалавек, пра якога марылася: чужы, злосны, раўнівы, нястрыманы. Патрабаваў, каб яна пакінула вучобу ў інстытуце, таму што ён здатны пракарміць сям’ю сам. Аду смяшылі ягоныя заявы. Вядома, якія заробкі ў настаўніка. І чаму яна павінна адмаўляцца ад уласнага жыцця, каб дагадзіць мужу?

— А раптам з табою што здарыцца? На каго мне разлічваць? — пыта­ла Ада.

— Ты маёй смерці жадаеш! — крычаў раз’юшана ён у адказ і знаходзіў яшчэ тысячу прыдзірак, каб зняважыць і пакрыўдзіць яе.

Гады ляцелі хутка. Ездзячы ў Мінск каб здаваць курсавыя і на сесіі, Ада наведвала часопіс «Маладосць», маладзёжную газету «Чырвоная змена», дзе і пачала часта змяшчаць свае вершы. Як толькі скончыла вучобу, сабрала і выдала першы зборнічак вершаў, неўзабаве — другі. Яе прынялі ў Саюз пісьменнікаў, пачалі запрашаць на семінары творчай моладзі. Кожная яе паездка даводзіла мужа да істэрыкі, але Аду, якая так і не адважылася займець дзяцей з гэтым чалавекам, нішто не магло затрымаць. Нарэшце ў яе з’явілася магчымасць павучыцца ў Маскве, у Літаратурным інстытуце, пра які яна марыла яшчэ ў школьныя гады, ды тады так і не адважылася паехаць, бо маці сказала, што не здолее вучыць яе на стацыянары, няма чаго замахвацца невядома на што, маўляў, выйдзеш замуж — нікому твая навука не трэба будзе. Займей які-небудзь дыплом аб вышэйшай адукацыі — і дастаткова для дзяўчыны.

Ада была паслухмянай з маленства, але калі зразумела, што трапіла ў нерат, адважылася паўстаць супраць мужа і маці — і дамаглася свайго. Праўда, з матуляю яна не сварылася, а разжаліла яе слязамі, упала на канапу і доўга плакала наўзрыд, не прыкідваючыся, па-сапраўднаму, бо занадта горка было, што ніхто яе не разумее.

— Чым тут румзаць ды глупствам галаву забіваць, лепш бы дзіця нарадзіла, — прамовіла маці.

Дачка нічога не адказвала. Як яна магла растлумачыць, што не толькі душа, але і цела яе не прымае Мечыслава? Хіба можна нараджаць дзяцей без кахання? Якія ж гэта будуць дзеці? Душу можна ўгаварыць, упрасіць, пераканаць, яна патрывае. А цела ўпартае. Яно пратэстуе, адгукаецца болем на кожную нашу ману і няпраўду. Усе мітрэнгі, перажытыя перад ад’ездам, яшчэ скабкамі сядзелі ў памяці, але над усім панавала радасць ад новых падзей, якія чакалі яе наперадзе.

Яна пайшла ўніз з горкі па бульвары, убачыла прыгожы дом у садзе і яшчэ нейкія пабудовы за каванай агароджай, завярнула ў брамку. Злева на двухпавярховым будынку згледзела патрэбную шыльду, паднялася на другі паверх, пастукала ў дзверы загадчыцы навучальнай часткі Наіны Андрыянаўны Смалікавай. У маленькім кабінеце пад вялізнаю пальмаю, што стаяла ў куце і ахоўна, з любоўю, растапырвала лісце, за сталом сядзела гаспадыня. Яна ветліва сустрэла Аду, запрасіла сесці, прапанавала гарбату, але наведвальніца адмовілася, бо паснедала яшчэ ў цягніку. Пра Наіну Андрыянаўну Ада чула ад іншых пісьменнікаў. Гэта была ўжо немаладая жанчына, але твар яе яшчэ захоўваў адбітак колішняга хараства, хоць не маладзілася і не падфарбоўвала ні вусны, ні вейкі, ні пышныя цёмныя валасы, у якіх не было відаць сівізны. Загадчыца распытала курсантку пра яе хатнія справы, пра мужа і сям’ю наогул. Ада не стала расказваць, з якім скандалам з’ехала на вучобу. Не варта перакладваць свае праблемы на чужыя плечы, няхай думаюць, што ў яе ўсё добра, а штамп у пашпарце сам за сябе гаворыць. У гэты час зноў нехта пастукаў у дзверы. У пакой увайшла невысокая прывабная маладзіца, трохі старэйшая за Аду, але дагледжаная і з густам апранутая. Валасы, падстрыжаныя да плячэй, падтрымліваў бліскучы абручык пад колер бэзавай сукенкі. Яна адразу заўсміхалася. Было відно, што ўжо не раз наведвалася сюды.

— Заходзьце, заходзьце, Эмілія Міхайлаўна, — запрасіла загадчыца. — Гэта ваша аднакурсніца з Беларусі Ада Ліцвінка, знаёмцеся.

— Вельмі прыемна, — гулліва адказала жанчына. — Завіце мяне проста Эма.

— Ну, дзяўчаткі, у калідоры вісіць расклад, запасайцеся сшыткамі, ручкамі — і ў добры час. Вучыцца ў нас не надта цяжка, але прапускаць заняткі не раю, таму што, як бы мы лаяльна ні ставіліся да сваіх курсантаў, усё ж вам давядзецца здаваць залікі і экзамены, каб урэшце атрымаць дыплом.

— Мы будзем вельмі дысцыплінаваныя, — паабяцала Эма. — Не ведаю, як у Ады, а мой сын ужо дарослы і самастойны, ніхто маёй вучобе замінаць не будзе.

— Ды калі ж вы паспелі? — здзівілася Наіна Андрыянаўна.

— Само сабою атрымалася, — усміхнулася Эма, у яе паставе адчувалася задаволенасць сабою і лёсам, быццам яна дасягнула ўсяго, да чаго імкнулася, а вучоба для яе будзе прыемным баўленнем часу.

— А ў мяне дзяцей пакуль няма, — адказала Ада. — Муж застаўся дома. Так што мяне таксама ніхто не будзе адрываць ад заняткаў.

— Вось і выдатна, будзем лічыць, што я займела дзвюх прыкладных курсантак.

— Скажыце, калі ласка, як тут вучыўся наш славуты пісьменнік Уладзімір Караткевіч? — спытала Ада.

— Выдатна вучыўся. Вельмі здольны быў.

— Ці чыталі вы ягоны раман «Нельга забыць» пра той час? Ён быў у некага закаханы?

— У выкладчыцу Ніну Молеву. Ведаю, што ёсць такі твор, але не чытала. Па-беларуску не разумею.

— Ды ў нас усё проста, як гаворыцца, так пішацца і чытаецца. Там ён вас назваў Галінаю Іванаўнай.

У дзверы зазірнулі. Наіна Андрыянаўна ўзрадавана сказала:

— Заходзьце! Хто там такі нясмелы?

У пакой ува ...