Читать онлайн «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца»

Автор Алесь Бадак

Алесь Бадак

Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца

Аповесць

Я збіраю шарыкавыя аўтаручкі.

Чалавеку, які ніколі не збіраў аўтаручак, — а такіх сярод нас пераважная большасць, — мой занятак хутчэй за ўсё падасца звычайным дзівацтвам, але сапраўдныя калекцыянеры мяне зразумеюць.

Дарэчы, гэта вельмі важна: знайсці свой аб’ект пакланення. Вядомы беларускі гісторык і археолаг Тэадор Нарбут, той самы, які адшукаў у Старым Быхаве адну з першых хронік XVІ стагоддзя, ведаў: нават толькі што выкапаныя старажытныя манеты бываюць халодныя і — значна радзей — цёплыя, і калі менавіта цёплую манету прыціснуць да цела, то неўзабаве на ім можна будзе ўбачыць адбітак таго, што было на самой манеце.

А мой добры знаёмы, Уладзімір Ліхадзедаў, які мае найбагацейшую на Беларусі калекцыю старадаўніх паштовак з выявамі беларускіх гарадоў і мястэчкаў, перакананы, што калі доўга глядзець на іх, то час, застылы на паштоўках, можна прымусіць зрушыцца з месца.

Але калі ў вашай далоні старажытная манета вам не здаецца нашмат цяжэйшай, чым ёсць на самай справе, і вашым пальцам не робіцца холадна, калі яны дакранаюцца да старой паштоўкі з выявай заснежанага Полацка альбо Менска, то вам лепш збіраць нешта іншае, ці ўвогуле нічога не збіраць — у свеце шмат цікавых заняткаў і без гэтага.

Я ж збіраю шарыкавыя аўтаручкі.

Я пісьменнік, і даўно зразумеў, што кожнаму твору патрэбна свая, асобная, скажам так, прылада працы. Часам даводзіцца перабраць добры тузін аўтаручак, каб нарэшце знайсці патрэбную, якую пры пісьме зусім не адчуваеш, быццам яна — частка тваёй рукі.

Я пішу марудна, шмат крэслю, але пасля таго, як тэкст з’яўляецца ў друку, больш ужо не ўношу ў яго ніводнай праўкі. А каб усё ж не з’яўлялася спакусы нешта ў ім паправіць, я праводжу — як правіла, гэта адбываецца на лецішчы — творчае ахвярапрынашэнне: спальваю аўтаручку на спецыяльна разведзеным для гэтай мэты вогнішчы. Таму мая калекцыя ўвесь час абнаўляецца.

Праўда, ёсць адна аўтаручка, якая захоўваецца ў мяне ўжо дваццаць гадоў, і якой я цяпер пішу гэтыя радкі. Мне дасталася яна яшчэ ў 1985 годзе ад маёй школьнай настаўніцы Таццяны Антонаўны Высоцкай, Танечкі, як мы яе ўсе за вочы называлі, у якую я, васьмікласнік, быў закаханы.

— На, пішы маёй, — сказала яна, калі мая спісалася, і дадала з іроніяй, спецыяльна для ўсяго класа: — Што гэта за паэт, у якога няма чым пісаць?!

— Я разлічваю на сваю памяць, — буркнуў я і адчуў, што чырванею. Мне ўвогуле не падабалася, калі мяне называлі паэтам — няхай сабе гэтым часам хацелі і пахваліць. А пачуць такое ад яе, ды яшчэ з іроніяй…

— Ну і дарэмна разлічваеш. Інакш па біялогіі ў цябе былі б лепшыя адзнакі.

— Відаць, вам з ім трэба вечарам праводзіць дадатковыя заняткі, — хіхікнуў у мяне за спінай Валік Пранчук.

— Я сама ведаю, што мне трэба, а што не, — сурова сказала яна.  — Усё, цішыня, запісваем дамашняе заданне!

Пасля таго, як празвінеў званок, я падышоў да яе і працягнуў аўтаручку.

— Можаш пакінуць яе сабе. У цябе яшчэ чатыры ўрокі.

Гэта можна было зразумець як дазвол пакінуць аўтаручку сабе на памяць. Дома я дастаў яе з партфеля і ніколі больш не браў у школу, каб выпадкова не згубіць, не зламаць і каб на ўроку біялогіі не было няёмка за тое, што пішу чужой аўтаручкай.