Читать онлайн "Гонды"

автора "Зінаіда Дудзюк"

  • Aa
    РАЗМЕР ШРИФТА
  • РЕЖИМ

Зінаіда ДУДЗЮК

ГОНДЫ

Раман

Пралог

Кожнае паселішча, незалежна ад яго памераў і геаграфічнага знаходжання, мае ўласную гісторыю, якая складаецца з тысяч людскіх лёсаў, найчасцей непрыкметных і нікому невядомых. Але ад гэтага ягонае жыццё не становіцца менш цікавым для таго чалавека, які захоча даведацца, хто заснаваў населены пункт, хто будаваў, а потым жыў тут, пакідаючы ў спадчыну нашчадкам здабыткі ўласнай працы і розуму, славу ці ганьбу, рысы твару і паставу, характар і звычкі. Безумоўна, мела адметную гісторыю і вёска Ляды, якая ўтульна размясцілася паблізу возера, што называлася Сінім. Селішча акалялі балоты ды лясы некалі непраходнай пушчы.

Па назве вёскі, можна здагадацца, што яе заснавальнікі, з цяжкасцю адваёўваючы ў балота і лесу ладны кавалак зямлі, радасна крычалі: «Вось дык ляда!» І потым кожны з гаспадароў цешыўся сваёю перамогаю і паўтараў: «Ляда, маё ляда!» Так і з’явілася назва вёскі, а лепшае і не прыдумаеш. У ёй ужо змясцілася першапачатковая гісторыя селішча.

Пра першага князя, які нажываўся на працы сялян з Лядаў і іншых навакольных селішчаў у архівах і почуту не засталося, але пра ягоных далёкіх нашчадкаў, якія добра-такі распладзіліся тут, звесткі захаваліся. Вядомыя яны з сярэдзіны XV стагоддзя, называліся панамі Пратасевічамі, жылі ў маёнтку Пратасы, пабудаваным іхнім прапрадзедам. З пакалення ў пакаленне іх станавілася ўсё больш, яны спачатку падзялілі між сабою па некалькі вёсак, потым па адной. Пасля пачалі дзяліць палеткі, але хіба з такога надзелу разжывешся? Вымушаны былі шляхцюкі Пратасевічы патроху прадаваць свае мізэрныя ўладанні панам Яновічу, Маневічу, Рэчыцу, Альшэўскаму ды іншым, якія па-свойму абжывалі набытыя вёскі. Багацейшыя будавалі храмы ды корчмы, бяднейшыя абыходзіліся тым, на што хапала сродкаў.

Самыя разумныя з Пратасевічаў з’язджалі ў гарады, наймаліся пісарамі, каморнікамі — знаходзілі якую цывільную, а часам і вайсковую службу, а няўдаліцы засталіся ў Пратасах, называючы сябе шляхтаю, вымушаныя былі, як сяляне, упрагацца ў саху ды самастойна абрабляць свае надзелы. У канцы XVIII стагоддзя з’явіўся граф Войцах Буслоўскі, які паступова купіў усю зямлю, якою яшчэ пакуль валодалі паны Пратасевічы, а заадно ўладанні іхніх суседзяў. Ад былых уладальнікаў засталіся толькі назвы вёсак: Яновічы, Альшэва, Маневічы, Рэчыца, Пратасы...

На новай зямлі граф Буслоўскі заснаваў сваю вёску і назваў яе Вайцехі, пабудаваў там палац, гаспадарчы двор, млын, бровар, пасадзіў парк на беразе невялікай, але маляўнічай рэчкі. У іншых селішчах, якія таксама належалі яму, наладзіў выраб паперы, сукна, жалеза, смалы, шкіпінару з улікам самых перадавых тэхналогій таго часу. У суседняй вёсцы Альшэва ўзвёў прыгожы і вялікі касцёл, а для праваслаўных вернікаў у Вайцехах паставіў невялікую, аднак утульную царкву. Сабраў багатую калекцыю мастацкіх палотнаў, скульптур­ных выяў і кніг, карацей, вёў граф цікавы і разнастайны лад жыцця.

На ўскрайку вёскі Ляды пасяліўся ў сярэдзіне дваццатых гадоў мінулага стагоддзя адзін з аканомаў пана Буслоўскага з дзіўным прозвішчам Кубіцель у прыгожым аднапавярховым будынку, які з чатырох бакоў акаляў глыбокі роў, абсаджаны дрэвамі для ўмацавання берагоў. Трапіць на двор можна было толькі праз масток, высланы з тоўстых бярвенняў. Мясціну гэтую ў народзе пачалі называць гайком. З захаду ад аканомавай сядзібы цягнуўся шырокі поплаў. Далей быў лес, з усходу туліліся шэрыя хаткі сялян. Тыя з тутэйшых людзей, хто займаліся ткацтвам, у час перапісу атрымалі прозвішча Ткачукі, хто быў шаўцом — Шаўчукі... Карацей кажучы, жылі ў Лядах Краўчукі, Гарбарчукі, Кавальчукі, Стальмашукі, Сталярчукі ды шмат іншых добрых і майстравітых людзей. Былі прозвішчы, звязаныя не толькі з працоўнай дзейнасцю, але з навакольным асяроддзем такія, як Воўк, Голуб, Цыбульнік, Мураш, Баран, Кулак. Да гэтых прозвішчаў пачалі дадавацца яшчэ і мянушкі. Тую сям’ю, дзе бацька даглядаў панскіх сабак, называлі Сабакарамі. Тых, хто працаваў на канюшні, клікалі Конюхамі, хто варыў піва — Піваварамі. Найменні гэтыя былі не крыўдныя, яны толькі паказвалі на занятак, які прыносіў прыбытак сям’і. Меліся ў сялян мянушкі, набытыя на працягу жыцця ці ў выніку нейкага ўчынку, а для гэтага існавала мноства падстаў. Напрыклад, прамаўляў хлапчук у раннім маленстве не бацька, а бака, так і застаўся Бакам да самае смерці, яшчэ і жонку ягоную да гэтага часу Бачыхаю называюць. Здараліся мянушукі не проста крыўдныя, а нават нецэнзурныя, але на іх мы псаваць паперу не будзем.

Ляды — вёска звычайная, жылі тут, як скрозь, і яўрэі: карчмар, каваль ды лавачнік. Самых хітрых з сялян аднавяскоўцы называлі імёнамі гэтых яўрэяў. Часам нехта казаў: «Вой, Сцяпане, ты хітры, як Лейба.» I гэтага было дастаткова, каб да чалавека і ягоных нашчадкаў прыліпала ласкавая мянушка Лейбачка. Так, у вёсцы з’явіліся свае Юдалька, Хроім, Шымель, Мэйта. Даходзіла да таго, што сапраўднае праваслаўнае імя забывалася, а яўрэйскую мянушку ведалі ўсе.

На долю лядчукоў у большай ці меншай ступені выпалі ўсе тыя гістарычныя мітрэнгі, якія перажывала Палессе на працягу шматлікіх стагоддзяў, але хто цяпер тое помніць? Адно я магу засведчыць дакладна, што над гэтаю вёскаю свеціць такое ж, як скрозь, зыркае сонца, і бухматыя зоркі пасылаюць сваё святло з глыбіняў космасу гэтак жа таямніча і дзівосна. А для тых, хто тут нарадзіўся, няма на свеце лепшага куточка, чым Ляды, якія былі. Так, былі, бо вёскі, як людзі, нараджаюцца і. і няхай жывуць...

1

Малаша чакала гасцей, на гэта паказвалі ўсе прыкметы: і лыжка вывалілася з рукі падчас сняданку, і кот на лаве старанна ўмываўся, пэўна, рыхтаваўся да сустрэчы. Шыбы спрэс размаляваў мароз, добра пастараўся і выпісаў дзівосна прыгожае лісце, мабыць, такія расліны растуць толькі ў райскім садзе. Гаспадыня трохі прадрала пазногцем намаразь, пацерла пальцамі і ачысціла лапік шыбы, каб бачыць вуліцу. За ноч мяцеліца дадала снегу, сумёты былі роўныя з платамі. Яна з трывогаю падумала, як жа яны даедуць ад чыгункі? Пешкі па такім снезе і за дзень не дойдзеш, але Бог літасцівы, калі яго добранька папрасіць, дык усё зробіць найлепшым чынам. Яна павярнулася да іконы святога Міколы, якая вісела ў чырвоным куце, упрыгожаная вышытым ручніком, нешта пашаптала, перахрысцілася, а потым пайшла ў парог, узялася за бярозавы венік ды яшчэ раз падмяла земляны дол, быццам выганяючы ўсё нядобрае, час ад часу паглядваючы ў адталы лапік на акне. Чакала старэйшага сына, асабліва яе радавала тое, што ён ехаў, каб застацца дома, як думалася ёй, назаўсёды, годзе ўжо нагойсаўся па свеце. Атрымлівала яна ягоныя лісты і з Масквы, і з Якуціі, і з нейкага Растова. Ехаў не адзін, пісаў, што ажаніўся. Цікава, якая ў яе нявестка? Ці ўмее прасці, ткаць?..Наогул, што ўмее рабіць?..

Малашка на ўсялякі выпадак прыпнула да будзённай спадніцы чысты фартух, абула пасталы, хоць звычайна ў хаце хадзіла босая. Змалку звыкла тупаць басанож па зямлі, у хаце не было падлогі, такім чынам, яна нават зімой пачувалася вольна, быццам летам.

Яе прадчуванні аказаліся недарэмныя. Пад вечар спыніўся насупраць хаты гняды конік, запрэжаны ў сані. Выбегла яна з хаты насустрач жаданай радасці, пабачыла двух сваіх сыноў, старэйшага Аўдзея ды сярэдняга Паўлюся, побач маладую жанчыну з дзяўчынкаю гадоў пяці, ціха засмяялася ад радасці і разгубленасці, не ведаючы, каго цалаваць ды абдымаць першым. Каб нікога не пакрыўдзіць, абмежавалася толькі тым, што спытала:

— Ці не памерзлі? Ідзіце хутчэй у хату! — і зноў ціха засмяялася, хаваючы за весялосцю трывогу і расчараванне, што сын узяў жанчыну з дзіцем, быццам такому прыгожаму хлопцу дзяўчыны не знайшлося.

Сярэдні сын Паўлюсь між тым апавядаў маці:

— Мы толькі паабедалі, ажно прыбягае Кожучыха і кажа: твой брат прыехаў, у мяне грэюцца з жонкаю і дачкою. Я спачатку не зразумеў: які брат, якая дачка? Тут яна мне і растлумачыла, што Аўдзей вярнуўся. Ад чыгуначнай станцыі іх падвезлі вайскоўцы на машыне. Дык яны і пайшлі ў першую хату, якая трапілася, грэцца, бо малая ледзь шчокі не адмарозіла. Кожучыха спіртам яе адцірала. А мне давялося ў калгасе каня прасіць. Дык вось і прывёз.

— Добра, добра, што прывёз. Куды зараз?

— Паеду назад. Каня ў калгас трэба завесці, старшыня будзе сварыцца. Хоць і хочацца застацца, чарку выпіць за сустрэчу.

— Вып’еш іншым разам. Едзь! Не варта начальства злаваць, яно горай за сабак.

Паўлюсь сеў у сані, развярнуў каня і паехаў. Маці правяла яго позіркам ды паспяшала ў хату, куды ўжо зайшлі яе госці. Нявестка ўсё яшчэ тапталася ў парозе, хораша апранутая ў гарадское паліто з футраным каўнерыкам, з надта ж вялізнай квяцістаю шаліноўкаю на галаве, такой ва ўсім сяле ні ў адной бабы няма, аглядала ўбогае жытло з маленькімі акенцамі. У вочы кінулася вядро з вадою пры парозе на лаве, побач маслабойка з заплеснелым хлебным квасам, стол з брудным настольнікам, печ ды запечак з латамі, акрытымі паласатаю посцілкаю.

«Нявестка ўбраная, бы пані,» — толькі і падумала Малаша, а ўголас ска­зала:

— Распранайцеся ды лезьце на печ грэцца. Як дзіця завуць?

— Ліза, — адказала нявестка.

— Лісавета, значыць. Аўдзейка, складвай апранахі на запечак і дапамажы дзяўчатам на печ ускараскацца, — сказала Малаша, аглядаючы стройную паставу нявесткі ў гожай сукенцы, пашытай неяк вельмі мудрагеліста, і заўважаючы, што ў яе прыкметна выпучваецца жывот.

«Цяжарная, — здагадалася Малаша, — хутка яшчэ нехта на свет з’явіцца. Што Бог дае, тое трэба прымаць, каб не гнявіць яго сваёю няўдзячнасцю.»

Не паспелі госці на печы агледзецца, як у хату пачалі збягацца вяскоўцы, пераважна жанчыны, апранутыя ў шэрыя світкі ці акрытыя вялізнымі хусткамі ў клетку з даматканага сукна. Адразу з парога пыталіся:

— Дзе ваша маладая? Дайце паглядзець!

Стаялі цесным натоўпам, разглядвалі Малашыну нявестку, абмяркоўвалі ўг ...