Читать онлайн "Інфанта і аднарог"

автора "Сергей Александрович Балахонов"

  • Aa
    РАЗМЕР ШРИФТА
  • РЕЖИМ

Сяргей Балахонаў

Інфанта і аднарог

Раман

Вользе

Гэта прыгожая ілжа,

Гэта цудоўнае адмаўленне.

Такая прыгожая ілжа, што верыш ёй.

Джарэд Лета

А ўкруг мяне стаяць старожы, гатовыя вароты расчыніць,

калі я мыта аплачу душы маёй аздобамі.

Вацлаў Ластоўскі

Сквозь

Толщу микросхем ваш взгляд,

Как звезда, далёк,

На пути на млечном.

Віктар Аргонаў

Заплыў сізы сілязенька,

Ой, заплыў сізы сілязенька

На чужую старану.

Беларуская народная песня

З мілосцю да цябе сыду ў зямлю,

З мілосцю да цябе з зямлі ўздымуся.

Амар Хаям

1.

Той жнівень выдаўся нагвалт спякотным. Я, як заўсёды, выйшаў на працу з летняга адпачынку адным днём раней. Не таму, што мне аж задужа карцела хутчэй прыйсці ў школу, а таму, што зноў аблічыўся з працягласцю адпачынку. Раней я ўвесь час забываўся даплюсаваць да агульнай колькасці адпачынкавых дзён вялікае дзяржаўнае свята – Дзень Рэспублікі. Але той жнівеньскай парою мне пашчасціла забыцца, што яшчэ адзін дзень мне быў гарантаваны кантрактнымі ўмовамі. Руслан Альгердавіч, наш паважаны дырэктар, традыцыйна зрабіў выгляд, што здзівіўся майму заўчаснаму з’яўленню. Я ж паціснуў плячыма і сказаў, што мне не шкада ахвяраваць лішнім вольным часам дзеля карысці роднае ўстановы адукацыі.

Можа быць таму я з казачнай асалодай штодня драбіў цагліны, каб атрыманай у выніку друзоўкай аздобіць школьныя клумбы. Работа не была ювелірнай і адбывалася пад праменнем бязлітаснага сонца, якое, здавалася, на паўстаўкі ўладкавалася ў гестапа. Шчыраваць на гэтай інтэлектуальнай ніве давялося не аднаму мне. Настаўнік чортава тузіна еўрапейскіх моваў Вальдэмар Мікітавіч Міроненка рабіў гэтую справу асобна ад астатніх у прахалодзе школьных сутарэнняў пры святле цьмянай лямпачкі на 40 ват і ў заклапочаных роздумах пра макраэканамічныя працэсы ва ўласных кішэнях. Цагліны ён крышыў павольна, але ператвараў іх амаль у парашок. Гэта мяне бянтэжыла. Я таксама біў цэглу нетаропка, але аскепкі ўрэшце атрымліваліся дужа кабаністыя. Спытаўшы ў Міроненкі парады, я атрымаў у адказ хітрую ўсмешку і бясплатную ангельскую прыказку: «Кепскі работнік свае інструменты ганіць». Няўлоўнасць і прыказкі з прымаўкамі былі яго галоўнымі адрознымі рысамі.

Побач са мной на школьным двары каля спартовай пляцоўкі тую ж самую работу выконвалі два маіх іншых калегі. Непапраўны пафігіст і дыскутант Яраслаў Леанідавіч Майсюк, хаця і быў частковым цёзкам на прозвішча знанага паэта-песенніка, паэзіі ўсё ж не любіў. Але абагаўляў прозу. Ды не проста прозу, а прозу жыцця. Абагаўляў за ўсе выбрыкі і нечаканасці, якія цяжка было прыдумаць самаму таленавітаму пісьменніку нашай, як яму здавалася, безнадзейнай планеты. Такім пісьменнікам ён лічыў аднаго расійскага фантаста, што ўдала эксплуатаваў тэму барацьбы між святлом і цемрай. Вось жа і Майсюк следам за тым фантастам падзяляў усё чыста на святло і цемру, і нядбалым вучням (а выкладаў ён фізіку) даводзілася зусім нясоладка апынацца ў катэгорыі «іншых цёмных». Пад пільным наглядам бога Ра, які зухавата спальваў нам плечы, Ярык прымудраўся да ўсяго паліць цыгарэціну і разважаць пра высокія матэрыі, накшталт маральных аспектаў прысутнасці зямлян на Марсе.

А вось Дзяніс Давыдавіч Іскаліеў – палкоўнік запасу, колішні ваенрук, а тагачасны выкладчык курсу «АБЖ», які выглядаў гадоў на шэсцьдзесят – нязменна гаварыў пра сэкс. Дакладней ён гаварыў пра што заўгодна, але ўрэшце збіваўся на сэксуальную тэматыку. Толькі той факт, што стары колісь чытаў у паўарыгінале творы Імануіла Бацькавіча Канта, ратаваў нас ад пытанняў пра колькасць пакаштаваных за лета жанчын. Зрэшты, Дзяніс Давыдавіч увесь час дзівіўся, чаму, працуючы ў амаль выключна жаночым калектыве, ні я, ні Ярык не карыстаемся становішчам. «Хлопцы, працы ж непачаты край!» – усклікаў ён, маючы на ўвазе не тройчы выклятыя цагліны, а ўсіх нашых паважаных каляжанак. Я ў тысяча першы раз прапускаў гэтыя словы міма вушэй, усміхаўся і, заліты віленскімі вёдрамі поту, працягваў махаць малатком, удаючы з сябе Тора.

На спортпляцоўцы віліся дзеці і адзін пераростак, якога ў свой час ледзьве справадзілі пасля дзявятага класа. Ён выхваляўся паляўнічымі трафеямі свайго бацькі. Сябручкі і слухалі яго, і назіралі за нашай працай, не разумеючы яе сэнсу. І хоць цікаўнасць даймала, спытаць наўпрост яны не наважваліся. Іхняя ўвага трохі злавала, бо даводзілася пачувацца бясплатным клоунам на арэне месяцавага цырку. Але ж – цярпі, казача, не выпадае іначай. Біццё цэглы пад прыцэлам чужых вачэй працягвалася.

– Дзяўбі, дзяўбі, Эрнесцік. Сонца яшчэ высока, – пакепліваў з мяне Іскаліеў. – Падзяўбеш, каб потым было спраўней дзеткам на ўроках аб правах чалавека расказваць.

– Аб натуральных? – з панурай усмешкай удакладніў я.

– Аб натуральных, аб звышнатуральных, аб усіх чыста, – крахтаў ён, разбіваючы чарговую белую блочыну.

– Але ж, Эрнесце, табе і шанцуе з тваімі прадметамі, – зарадзіў Майсюк. – Чалавек! Грамадства! Дзяржава! Проста песня! Прыйшоў на ўрок і размаўляй пра што хочаш, спрачайся колькі ўлезе. На фізіцы асабліва не паспрачаешся. Закон Ома ёсць законам Ома. А ўраўненне Ван-дэр-Ваальса ёсць ураўненнем Ван-дэр-Ваальса. Ні ўцяць, ні ўзяць, ні на выпіўку пазычыць.

– Каб жа яны хацелі спрачацца, – уздыхнуў я, разумеючы, што займеннік яны прагучаў з гэткай жа экспрэсіяй, як назоўнік aliens з вуснаў гераіні класічнага фантастычнага трылера пра барацьбу зямлян супраць касмічных монстраў. – Не, бываюць канечне ў кожным класе аматары языкі пачасаць. Але часцяком не дзеля развіцця шэрага рэчыва, а каб толькі мне зубы замовіць ды пацягнуць на ўроку час…

– Дык ты ж і сам палялякаць не супраць. Асабліва з дзяўчатамі. Хіба не так? – упёк Ярык.

Я сумеўся. Такога кшталту пытанні звычайна заганялі мяне ў анталагічны тупік, клікалі на дапамогу кагнітыўны дысананс, каб супольнымі намаганнямі добранька набіць морду маральнаму закону ўва мне. Скажаш праўду – кепска, схлусіш – заўважаць, што хлусіш. Акурат таму я прамаўчаў, узяўшыся перасыпаць набітую друзоўку з посцілкі ў кардонную пушку.

– Я на клумбы, – змрочна прамармытаў я.

– Бач які суворы, – усміхнуўся Дзяніс Давыдавіч.

Трымаючы пушку за днішча, я павалок каштоўны ладунак задворкамі школьнага будынку. У вузкаватым праходзе між майстэрнямі і бетоннай агароджай давялося абмінаць кабет з нейкай суседняй канторы. Бабёнкі старанна ўсмоктвалі дым сваіх ментолавых цыгарэтаў і глядзелі на мяне, як сарокі-вароны на параненага волата. Урэшце я дабрыў да запаветных земляў, дзе ўжо былі падрыхтаваныя паглыбленні ў выглядзе прамянёў. «Як на колішнім сцягу Японіі», – міжволі падумалася мне. Я выгрузіў змесціва сваёй тары, нахіліўся і стаў рукамі размяркоўваць кавалачкі цэглы па ўсёй паверхні, уяўляючы сябе сівагаловым японцам у садзе камянёў будысцкага храма рёандзі.

Што Захад, што Ўсход…

Паўсюль халодны вецер

Студзіць мне плечы.

Працуючы настаўнікам, я прызвычаіўся практычна да ўсіх магчымых і немагчымых работ па-за межамі службовага абавязку. Таму на свае рачкаванні ў клумбах асабліва не наракаў. «Толькі б без класнага кіраўніцтва», – ці не ўголас сфармуляваў я свой галоўны на той момант прафесійна-экзістэнцыйны пасыл.

– Вы яшчэ не кончылі? – пачуўся за спінай голас настаўніцы ангельскай мовы Ліі Навумаўны Келдышавай.

– З вамі кончыш, – неахвотна азваўся я.

– Ну, і грубіян жа ты, Баластоўскі! – зусім не жартам раззлавалася каляжанка.

Лія мела наконт мяне пэўныя намеры. І як толькі я дазваляў сабе рэплікі падобныя згаданай вышэй, у нашых дачыненнях надараўся кароткатэрміновы карыбскі крызіс. Але нораву яна была адліглівага і звычайна на наступны дзень пачыналася міжнародная разрадка. Памятаючы гэта, я пакінуў яе словы без каментараў і толькі памахаў рукой, стуліўшы вусны банцікам. Несупадзенне пачуццяў. Так бывае. Што паробіш? Як і ўсякі закаханы я быў эгаістам і адстаронена назіраў за рознага кшталту заляцаннямі да мяне. Можа паўстаць пытанне: чаму я назваў сябе закаханым? А таму і назваў, што сэрца маё было ў палоне гэтага безразважнага пачуцця.

Вярнуўшыся да каменяломняў, я застаў ля сваіх калегаў новаспечанага выпускніка Алеся Альхімовіча. Той меў пэўныя гешэфты з Майсюком і завітаў акурат да яго. Але распавядаць пра няўдальства з паступленнем давялося для ўсіх прысутных.

– Ну, нічога страшнага, – разважна прамаўляў Дзяніс Давыдавіч. – Найцяжэй, пакуль з месца. А там упарадкуецца, паступіш і ты…

– А як не паступіш, то пойдзеш да нас у дворнікі, – падшпільнуў хлапца Ярык. Алесь ані кроплі не пакрыўдзіўся, нібы так і мусіла быць.

– А ў войска? – між іншым заўважыў я.

– Адпадае, Эрнест Скіргайлавіч, – запярэчыў Альхімовіч. – Здароўе не тое. Сэрца. Пралабаванне мітральнага клапана без рэгурытацыі. Дзеці Чарнобыля.

– Я з такім самым дыягназам боты таптаў, – запярэчыў я.

– Ды косары яны! – з’едліва выгукнуў Майсюк, каторы гэтак жа, як і я, па выйсці з альма матэр ахвяраваў сябе Марсу.

– А з тваёй паралелі шмат хто паступіў? – згортваючы нялюбую мне вайсковую тэму, спытаў я.

– Ты, Эрнест, няправільна пытаеш, – уставіў свае тры срэбранікі фізік. – Пытай больш канкрэтна: «Цыпіна паступіла?».

Гэтым разам ён рэальна ўшчыкнуў мяне і майму арганізму давялося выклікаць аварыйныя службы, якія б спешна адпампавалі тую барву, што вось-вось мусіла цалкам запоўніць мой твар. Зрэшты, хваляванні былі марнымі, бо на счарнелым і спатнелым твары ніякую чырвань ніхто ...