Читать онлайн "На раздарожжы"

автора "Алесь Рыбак"

  • Aa
    РАЗМЕР ШРИФТА
  • РЕЖИМ

Алесь РЫБАК

НА РАЗДАРОЖЖЫ

РАМАН

Частка першая

1

Першы раз Вадзім садзіўся ў цягнік, нічога і нікога не баючыся. Як ні цяжка было, але Верка наскрэбла яму, адарвала ад душы нейкую капейчыну, каб хапіла да Мінска і назад. Вадзім, праўда, трохі ўпарціўся, казаў, што хаця б да сталіцы аплаціць дарогу, а там, калі ўсё будзе добра і прымуць у яго дакументы, неяк пераб’ецца, мо якім таварняком на даху даедзе да сваіх Стаўбуноў. Вопыт у яго ўжо ёсць. Тры гады таму ён меў шчасце з вецярком пракаціцца на слізкім даху вагона, калі ўдумаў канчаткова парваць са сваім мінулым і папрасіць прытулак у сястры і швагра. Усё тады для яго абышлося добра, хоць магло б скончыцца трагічна...

У вагоне было цесна і душна, ніводнага вольнага месца, але гэта яго ані не турбавала. Ён выйшаў у тамбур, нікім пакуль яшчэ не заняты, торбачку з харчам і паперамі паставіў пад ногі, ілбом прыхінуўся да шкла, адчуўшы лёгкі і прыемны халадок. Поезд даў гудок, таргануўся, і неўзабаве перад вачыма замільгацелі станцыйныя будынкі, слупы з абвіслымі правадамі, прыдарожныя бярозы, усыпаныя густой зялёнай лістотай. У нізкіх мясцінах пракідваліся кашлатыя елкі, якіх на сушэйшым выцяснялі гонкія сосны. Паўскрай чыгункі ехала фурманка, і чалавек, што сядзеў на возе, з разяўленым ротам глядзеў, як мільгалі вагоны. Вадзім быў памахаў яму, але возчык наўрад ці змеціў, што нехта яго вітае.

Праз тамбур, моцна ляснуўшы дзвярыма, стрымгалоў, нешта запіхваючы за пазуху кашулі, праскочыў у вагон спачатку адзін падшыванец, затым другі. «Відаць, кантралёры прыжучылі», — падумалася Вадзіму. І праўда, не прайшло і хвіліны, як услед хлапчукам вывалілася цётка. І вагон, і тамбур прарэзаў яе нечалавечы крык-енк:

— Людцы, лю-ю-дцы! Лавіце іх, лавіце! Вокам не паспела мігнуць, як ачысцілі і кішэню, і з кашолкі хапянулі дабрэнны кус сала.

Жанчына вёртка кінулася ў другі вагон, але ўжо праз хвілін колькі, цяжка дыхаючы, вярнулася назад. У тамбур найшло нямала цікаўных.

— Ну, што, злавілі злодзеяў? — першым папытаў дзябёлы дзядзька са свежым шнарам праз усю сківіцу. — Не трэба было варон страляць.

Жанчына змерала яго знішчальным позіркам і ўвесь свой гнеў перанесла на нявіннага чалавека:

— А ты гэткі самы, як і яны. Можа з імі ў хаўрусе. Шчаку так сабе не парэжуць.

Мужчына плюнуў пад ногі і падаўся ў вагон на сваё месца.

Пацярпелая войкала і пыхкала:

— Што ж я сваёй Анютцы прывязу? Гэта ж так трудна збірала капейчыну, каб да вяселля купіць якую больш гожую сукенку ці лодачкі. Яна праз месяц мецьме распісацца са сваім хлопцам. Але абое голыя як саколы. У яго бацькоў няма, фрыц укакошыў, а ў цёткі, у якой знайшоў прытулак, у тэй самой голыя вуглы.

Яна ўсё яшчэ гаварыла, гаварыла, пякучыя слёзы цяклі па яе твары. Цёмнай, парэпанай ад цяжкай працы рукой жанчына спрабавала выціраць іх.

— Цётачка, ці многа было тых грошай? — уткнуў сваё слова Вадзім. — Я ж каб ведаў, чаго тыя вісусы так ляцяць, то хоць аднаго сцапаў бы. У мяне не выкруціўся б.

Жанчына падазрона глянула на Вадзіма, вочы яе звузіліся, пасля пагляд перакінуўся на торбачку ля ягоных ног.

— А ці не ў хаўрусе ты з імі? Можа, і сала, і грошы ў цябе?

Яна гнеўна насунулася на Вадзіма.

— Ану, паказвай, што там у цябе ў вандзэлку. І кішэні выварочвай!

Такога Вадзім ніяк не чакаў. Пачырванеўшы, пад пільнымі позіркамі ці-

каўных пасажыраў ён змушаны быў паказаць, што і ў торбачцы (а там, апроч дакументаў, у газеціну былі загорнуты акраец хлеба, паўклінка сыру, паўдзесятка свежых яек, невялікі кавалачак вяндліны), а таксама, што ў кішэні. Грошай сапраўды было кот наплакаў. Хлопец, узяўшы сябе ў рукі, працягнуў цётцы замусоленыя рублі:

— Наце, лічыце. Знайшлі ахвяру. Хацеў паспачуваць вам, а цяпер...

Жанчына пасаромлена адвярнулася, пайшла ў вагон. Вадзім зноў застаўся адзін у тамбуры, настрой быў канчаткова сапсаваны. Ужо без усялякай цікавасці ён глядзеў у акно, за якім раскашавала лета. Чамусьці зноў падумаў пра сястру, пра тое, з якой цяжкасцю збірала яна яго ў дарогу. Чым ён, Вадзім, аддзячыць сястры? А швагер... Гэта ж аддаў свой апошні больш-менш прыстойны пінжак, прывезены яшчэ з Беласточчыны. Сарочку таксама ўступіў, хоць сам застаўся ні з чым святочным. Вадзім упарціўся, не хацеў браць, але Юзік рашуча настаяў на сваім.

— Мне тут, дома, на бруднай рабоце хоць што падыдзе. А ты ж, можа, паступіш, вывучышся на настаўніка ці каго там. Пасля, як выб’ешся ў людзі, і нам што падкінеш.

Верка са слязамі на вачах падтрымала мужа. Калі Вадзім усё тое, Юзікава, апрануў, Верка расчаравана апусціла рукі.

— Што, кепска сядзіць? — спытаў Вадзім.

— Пінжак і сарочка добра глядзяцца, а вось штаны і пантофлі нікуды не вартыя. Не для горада яны. Купіць каб, дык нямашака за што. Божа, што гэта за жытка такая паганая!

Вадзім супакоіў сястру:

— Ат, такому кавалеру сыдуць і штаны, і шчыблеты. Галоўнае, каб паступіць.

— Сіраце ж, можа, якая паслабка? — папытаў Юзік.

— Ніякія мне паслабкі не патрэбныя, хачу як і ўсе. Хіба толькі каб у інтэрнат пасялілі. Але што я кажу, яшчэ не паступіўшы. Так і сурочыць можна.

Зараз, узгадаўшы гэтую вячэрнюю гаворку, Вадзім з любасцю думаў пра гэтых родных яму людзей, якія ўскладалі на яго вялікія надзеі. Цягнік між тым напаўняўся ўсё новымі і новымі пасажырамі. Нават у тамбуры стала не павярнуцца. Але Вадзім нікому не хацеў уступіць месца ля акна. Яно хоць і было зачынена, але праз шчылінкі паступала свежае паветра. Ехалі галоўным чынам жанкі, у вялізных плеценых кашолках везлі з паўдзённых раёнаў трускаўкі. Хутка і ў Веркі з Юзікам выспеюць — насадзілі ж нямала. Тады ўжо і сястра выберацца ў сталіцу на Камароўскі рынак. Будзе не да сну. Гэта ягада далікатная, трэба яе збіраць з вечара. З гадзіну якую прыкархнуць і пад раніцу на ровары — не, не верхам, а ведучы ў руках, рушыць да станцыі, каб паспець на першы цягнік. Ровар, хоць гэта будзе каштаваць немалых грошай, давядзецца здаваць у багажнае аддзяленне. Але трускаўкі, калі добра пойдзе гандаль, апраўдаюць усе выдаткі. Сястра з Юзікам мараць збудаваць сабе новую хату, бо ў гэтай, якая дасталася ім, знізу згніло ўсё дзерава. Грыбок паеў і падлогу, а таму, каб добра нагрэць усярэдзіне — з малой жа інакш нельга, Анютка часта начамі ракрываецца, — даводзіцца моцна паліць грубку.

Чым бліжэй было да сталіцы, тым больш Вадзім хваляваўся. Акрамя сваіх Стаўбуноў ён ні разу не быў ні ў якім вялікім горадзе. Давядзецца шукаць той універсітэт, прыёмную камісію, канчаткова вызначыцца, на якое аддзяленне паступаць. Планаваў на журналістыку, але больш вабіла філалогія, вывучэнне мовы і літаратуры. Па гэтых прадметах у яго былі найлепшыя ў школе адзнакі. І сам дырэктар Аляксей Мітрафанавіч, калі ўручаў атэстат сталасці, параіў ісці на беларускае аддзяленне. Што ж, так, відаць, ён і зробіць. Тым больш у яго, Вадзіма, была адна таямніца, якая грэла яго душу, прымушала моцна біцца сэрца. Ні Верцы з Юзікам, ні настаўнікам, ні хутаранскай дзяўчыне Галі ні разу не прызнаўся, што напісаў некалькі вершаў і адзін з іх нават паслаў у дзіцячы часопіс. Адказу пакуль што не атрымаў, але меўся, як здасць дакументы, адшукаць рэдакцыю і прапанаваць яшчэ што-небудзь. У торбачцы ягонай ляжалі разам з іншымі паперамі акуратна перапісаныя ў вучнёўскі сшытак новыя вершы. Во каб хоць адзін з іх надрукавалі!

Прабегла правадніца і сказала, каб падрыхтавалі да праверкі білеты. Людзі замітусіліся, пачалі шукаць квіткі, а ў каго іх не было, паціснуліся ў сярэдзіну вагона, маючы намер якім-небудзь чынам выслізнуць з лап кантралёраў.

Вадзім пачуваўся спакойна. Цяпер ён радаваўся, што аплаціў дарогу. А бы­ло ж спакуслівае жаданне зэканоміць, у надзеі, што пранясе, што не кожны ж дзень кантралёры тыя ловяць «зайцоў». І ўсё ж у тамбур зайшлі першыя не яны, а два міліцыянеры, якія папыталі, у каго што ўкралі.

— У вагоне папытайце. Там у адной бабы кашалёк і сала стырылі. Двое іх было, — адказаў камлюкаваты дзяцюк, саступаючы праход міліцыянтам. Многія падаліся ўслед, асабліва жанкі, якім карцела даведацца, ці ж хоць сцапалі тых абармотаў.

Шукаць доўга пацярпелую ахоўнікам парадку не давялося. Яна, як толькі ўбачыла людзей у пагонах, зноў, бы рэзаная, загаласіла:

— Авоечкі, а што ж гэта чыніцца, што сярод белага дня цябе рабуюць, нож да горла прыстаўляюць. Страляць іх трэба, няйнакш.

— Ну, так ужо і страляць, — заікнулася яе суседка па лаўцы. — Палавіну маладых тады перастраляем.

— А й няшкода, — гнеўна кінула на яе пагляд пацярпелая. — Заступніца мне знайшлася.

— А нажа ніякага не было, не трэба міліцыянтаў у зман уводзіць. Проста дробныя злодзеі, якім пашанцавала выхапіць тое, што дрэнна ляжыць.

Спрэчка невядома колькі цягнулася б, але наблізіліся міліцыянеры і папрасілі пацярпелую прайсці з імі ў першы вагон.

— Дык, можа, злавілі тых бандзюкоў? — не цярпелася абкрадзенай жанчыне.

— Там пра ўсё даведаецеся, — неяк суха працадзіў скрозь зубы старшы з іх, з афіцэрскімі зорачкамі на пагонах.

Жанчына, узяўшы клунак, падалася за міліцыянерамі. Тут жа ўвайшлі і кантралёры, жанчына і мужчына. Са старшым па званні мужчына абмовіўся некалькімі словамі, сэнс якіх цяжка было ўлавіць.

Поезд між тым набліжаўся да горада. Сталі бачны гмахі камяніц, на пуцях — нейкія майстэрні, склады, велізарныя ёмістасці, мабыць, з нафтапрадуктамі. «Божа, як тут можна жыць, у такім тлуме і гаме?» — падумалася Вадзіму. На вакзал поезд прыйшоў у дакладна вызначаны час. Вадзім са сваёй лёгкай ношай ступіў на перон адзін з першых. Не ведаючы, у які бок падацца, ён спыніўся, азіраючыся вакол. Міма ягоных ног з грукатам кацілі цялежкі грузчыкі з бляхамі на грудзях — тыя, якім пашанцавала старгавацца з пасажырамі і падвезці чамаданы і клункі куды трэба. Вадзім за ...