Читать онлайн "Пах мускусу"

автора "Анатоль Брытун"

  • Aa
    РАЗМЕР ШРИФТА
  • РЕЖИМ

Анатоль БРЫТУН

ПАХ МУСКУСУ

РАМАН

1. Белы сабака

Задраўшы галаву, стражнік з захапленнем разглядаў вершаліну камлюкаватага дуба. Яго таўшчэзныя галіны нібы расхіналі лясны гушчар уверсе. Здавалася, быццам імі ён падтрымлівае неба. Вакол дуба сцяной стаяў цёмны лес. Павольна абышоў ляснога волата, прысеў і асцярожна адгарнуў снег, затым мох і апалую лістоту. Пад мохам ляжаў урослы ў зямлю камень. На ім быў выразна бачны запоўнены вадой адбітак жаночай ступні. Укленчыўшы, стражнік перахрысціўся, прагна ўдыхнуў паветра і зрабіў глыток. Потым прыклаў мох на месца, узняўся на ногі і зноў перахрысціўся.

Стомленасць адступіла — зрабілася лёгка. Дзіўна гэта: мароз, а вада не ператвараецца ў лёд. Апошні раз прыходзіў сюды ўлетку, спёка высушыла ўсё навокал, а адбітак жаночай ступні быў з чыстай як сляза вадой. Невытлумачальная таямніца прыроды.

Думкі стражніка перапыніў крык крумкача. Рэдка ў лесе можна чуць гэтую птушку. Не любіць яна нетры.

Ціха і ўрачыста драмалі ў нерухомай велічы векавыя дрэвы. Часам з верхняй галіны зрываўся снежны камяк, і чуваць было, як ён шамацеў, падаючы і чапляючыся за галіны.

Трэба ісці. Стражнік яшчэ раз зірнуў угору. Пакланіўся векавому гіганту і прыклаў абедзве рукі да кары дуба:

— Да наступнай сустрэчы, волат!

Прысеў і амаль паўзком пачаў прабірацца пад густымі перапляценнямі дрэў.

Гэта была сапраўдная неруш. Вакол так змрочна, нібы стаіць ноч. Так давялося прабірацца даволі доўга, пакуль змог распрастацца і ісці ў поўны рост, толькі зрэдку нахіляючыся. Цемра адыходзіла, і лес паступова святлеў.

Пра камень з адбіткам ведалі тры чалавекі: ён сам, ягоны брат Ціхан і іх бацька Ян. Бацьку Яна да дуба прывёў яго бацька, а бацьку — паказаў ягоны бацька. Цікава, колькі стагоддзяў таму дубу? Можа, нават тысяча гадоў, а то і болей — хто яго ведае?

Дарма сёння хадзіў да дуба і каменя, на снезе засталіся сляды. Так рабіць нельга, хтосьці чужы можа прасачыць і выкрыць таямніцу. Але ўжо вельмі карцела ўпэўніцца, ці замерзла на марозе ў жаночай ступні вада. Больш такога промаху не зраблю, разважаў стражнік.

Трэба ісці дахаты. Натупаўся за дзень, але так і не ўбачыў на сваім абходзе зубрыных слядоў. Ужо тыдзень дзесьці гуляюць. Даўно брата не бачыў. Заўтра з’езджу да Ціхана, можа, ён ведае, куды сышлі зубры.

Паправіў рэмень стрэльбы і пайшоў далей па ледзь прыкметнай сцяжынцы.

За сённяшні абход зацікавілі іншыя сляды, напатканыя непадалёку гасцінца да Гайнуўкі.

Чые яны? Ваўка? Не, ваўчыныя сляды ён добра ведае. Сабакі? Але такіх сабак у акрузе няма. Можа, хто з важных людзей прыязджаў да обер-фарстмайстра на паляванне? Але тады старшы стражнік паведамляе пра гэта. Без спецыяльнага загаду ніхто не мае права паляваць у пушчы. Здараецца, прыязджаюць людзі з дазволам на паляванне і губляюць сабак. А ў пушчы сабака доўга не жыве, яго хутка знаходзяць ваўкі. Для шэрых драпежнікаў сабака — далікатэс. А калі гэта сляды сабакі, то нейкай невядомай пароды. Моцны, дужы сабака.

Няўжо палявалі на зуброў, а ён не ведаў, правароніў? Тады можа страціць працу. Ад гэтай раптоўнай думкі стражніку стала горача, ён спыніўся і зняў шапку.

Не, не можа такога быць. За зубра або штраф у дзве тысячы рублёў, або Сібір. Дзве тысячы рублёў — вялікія грошы. Гэта трэба працаваць дваццаць гадоў. Стражнік нават уявіць не мог такія грошы. Трохі супакоіўшыся, паглядзеў на кукарду, на двухгаловага арла і надзеў шапку — не хапала яшчэ застудзіцца перад Калядамі.

Раптоўна нешта цяжкае абрынулася на яго. Ад нечаканасці стражнік страціў раўнавагу і ўпаў тварам у снег. Зверху чулася сапенне і трэск кажуха. Рысь! З вялікім высілкам правай рукой ліхаманкава адшукаў нож на папрузе. Намацаў дзяржальна, але выцягнуць нож перашкаджаў рэмень стрэльбы. Скінуў рэмень з пляча, выхапіў нож і рыўком павярнуўся на левы бок. У гэты момант пачулася гырчэнне і брэх адначасова. Звер кінуў яго. Стражнік ускочыў на ногі. Рысь у два скокі апынулася на дрэве і бясшумна знікла сярод густых галін. Па шыі цякла кроў. Сунуў руку за каўнер — уся далонь была ў крыві.

— Ат, чарцюга лазаты, усё-ткі цапнуў...

Павярнуў галаву і ад нечаканасці здрыгануўся — побач стаяў вялікі, з шырокімі грудзьмі, на высокіх лапах, сабака. Раскосыя, размашыста пасаджаныя вочы з асцярогай глядзелі на яго.

Стражнік усміхнуўся свайму выратавальніку.

— А-а, гэта ты напалохаў рысь?

Абмацаў свае галаву і шыю. Асцярожна, каб не напалохаць сабаку, нахіліўся, узяў жменю снегу і прыклаў да раны. Сабака ў гэты момант напружыўся.

— Не палохайся, я цябе не пакрыўджу, бо ты мяне ўратаваў, — ціха сказаў стражнік і прысеў на бліжэйшы выварацень. Зняў з пляча скураны ягдташ, разгарнуў ільняную анучу і падкінуў на снег лусту хлеба.

— Ты, пэўна, галодны? Ідзі, паеш.

Сабака не варушыўся, стаяў на месцы, шырока расставіўшы пярэднія лапы.

— Ты мяне баішся? Ну, падыдзі, не бойся, — рукой паказаў на хлеб.

Памарудзіўшы хвіліну, сабака падышоў, панюхаў і з прагнасцю праглынуў скібку.

Стражнік разглядаў свайго выратавальніка. Сабака быў белы з невялікімі шэрымі круглымі плямкамі. На правым баку, бліжэй да пярэдняй лапы, былі дзве рудыя плямы, галава руда-шэрая, хвост таксама белы ўперамежку з рудымі і шэрымі крапінамі. На моцнай шыі прыгожы скураны нашыйнік з металічным колцам.

— Цудоўны ты. Такіх сабак я ніколі не бачыў. Хто твой гаспадар?

Уважліва агледзеў адбіткі лап на снезе — гэта былі тыя самыя сляды, якія сустрэў ля гасцінца.

— Можа, хто ехаў дарогай, і ты адстаў? — услых разважаў стражнік.

Сабака аблізваўся і насцярожана глядзеў раскосымі вачамі на чалавека.

— Гэ! Дык ты, мусіць, добра згаладаў? — зноў палез у торбу, дастаў яшчэ лусту хлеба, але кідаць не стаў, а працягнуў у руцэ.

— Ну, падыдзі, вазьмі. Ты вельмі галодны, я бачу. На, бяры!

Сабака падышоў да чалавека, асцярожна ўзяў хлеб зубамі і адышоў. Паклаўшы яго на снег, пачаў есці, нахіляючы галаву і зіркаючы на чалавека.

Сабака па выглядзе малады, можа, нават да года, падумаў стражнік. Падняўся і нахіліўся па стрэльбу. Агледзеўшы, ачысціў яе ад наліплага снегу і падышоў да дрэва, на якое скокнула рысь. Паглядзеў уважліва ўверх, нібыта рысь магла там сядзець.

— Нічога, я цябе злаўлю, я табе кінуся на чалавека. Табе што, ежы не хапае ў лесе? — пагрозліва сказаў стражнік.

Нават калі ўбачу рысь, стрэльба можа не стрэліць, крэмень адмакрэў, падумаў ён і паглядзеў на сабаку. Той з цікаўнасцю назіраў за чалавекам.

— Ну што, сабачка, калі ўжо на тое пайшло, хадзем разам, а то ты, братка, адзін у лесе згінеш. Пажывеш у мяне некаторы час, можа, твой гаспадар знойдзецца і адгодзіць. Нудзішся, нябось, па гаспадару? Клічуць цябе як?

Тут ён злавіў сябе на думцы, што размаўляе з сабакам, як з чалавекам. Усміхнуўся, ускінуў стрэльбу на плячо і, прайшоўшы некалькі крокаў, азірнуўся. Сабака стаяў на ранейшым месцы і глядзеў на яго.

— На, цю на! — папляскаў рукой па назе.

Сабака падышоў да яго.

— Ай, малайчына!

Стражнік крочыў, азіраючыся. Сабака пакорліва ішоў следам. Прайшоўшы з вярсту, стражнік спыніўся, спыніўся і сабака. Асцярожна падышоў і пагладзіў па карку — той не ўцякаў.

— Патрывай трохі, засталося ісці з вярсту, і мы дома, — як мага ласкавей сказаў.

Пад ботамі прыемна рыпеў снег. Сунуў руку за каўнер, асцярожна дакрануўся да раны; кроў запяклася і не цякла. Ну, дзякуй Богу, абышлося, а магло быць і горш, разважаў стражнік.

Чамусьці ўспомнілася жонка. Год мінуў, як яны пабраліся. Цяпер яна цяжарная — чакае першынца. Добра, каб Малання нарадзіла сына. Калі падрасце, быў бы памагаты ў ахове лесу, але і дзяўчынка таксама нядрэнна — будзе памагатай жонцы. Ногі самі неслі дадому.

У прасвеце паміж верхавінамі дрэў віднелася сцямнелае неба. Нездарма каркаў крумкач — хутка пойдзе снег. А, можа, той крумкач хацеў папярэдзіць мяне перад нападам рысі? Бог яго ведае, чаго ён хацеў?

З дзяцінства жывучы ў лесе, стражнік абвык усё аналізаваць. Каб выжыць у пушчы, трэба вельмі шмат чаго ведаць, а галоўнае — заўсёды быць напагатове.

Вось і сёння. Як зваліўся тварам уніз, доўга не мог выцягнуць нож, які вісеў узбоч. А чаму? Перашкаджаў рэмень стрэльбы. Саслізгнуў з пляча і замінаў выпрастаць руку, каб дастаць нож. Трэба насіць стрэльбу на левым плячы, тады правая рука заўсёды будзе вольнай. Але стрэльба вельмі цяжкая, і цэлы дзень на адным плячы не наносіш, даводзіцца часта яго змяняць. Можа, у тым месцы, дзе рэмень цісне на плячо, зрабіць яго шырэйшым — не будзе так муляць.

Пайшоў снег. Вялікія сняжынкі, кружачыся, паволі клаліся на зямлю і галінкі. Дрэвы стаялі нерухома. У лесе — казачная цішыня. А вось і віднеецца саламяны дах роднай хаты.

Стражнік азірнуўся, сабака сунуўся следам. Стала радасна на душы, хутка ўбачыць каханую. Ля паркана самотнай хаты гучна сказаў:

— Вось тут я і жыву, давай, заходзь, будзеш госцем.

Чытачу цікава будзе ўведаць, як выглядала жыллё стражніка Белавежскай пушчы ў першай палове ХІХ стагоддзя. Паспрабую спыніцца на гэтым больш падрабязна.

Уся ахоўная тэрыторыя Белавежскай пушчы была падзеленая на пяць леснікоўстваў. Кожнае мела два аб’езды, а ў кожным аб’ездзе — сем абходаў. І ўся гэтая тэрыторыя ахоўваецца падлоўчымі, ляснічымі, стражнікамі...

Для стражнікаў Белавежскай пушчы хаты будаваліся ў тых месцах, дзе былі абходы. Зваліся яны вартавымі хатамі. Звычайна ставіліся яны ў глухіх мясцінах, на адлегласці ад селішчаў. Хаты былі казённыя: пасля 25 гадоў службы стражнік абавязаны быў пакінуць хату і пераехаць жыць у любое ўпадабанае ім селішча на ўскраінах пушчы. За кошт казны адмерваўся ці купляўся значны надзел зямлі, будавалася хата, яка ...