Таццяна МУШЫНСКАЯ

У ПРАСТОРЫ СЯМІ НОТ

Дакументальная аповесць

Спяваюць — усе!

Калі азіраюся назад і згадваю дзяцінства, складваецца ўражанне, што музыка вакол і побач са мной была заўжды. Любіла спяваць мама, Тамара Фёдараўна, хоць заўсёдныя клопаты прафесійныя, настаўніцка-школьныя, і побытава-хатнія, магчыма, не надта таму спрыялі. Мамін голас не вельмі моцны, але чысты і вельмі шчыры. А сама манера выканання адлюстроўвае далікатнасць унутранага свету. Нячаста, але спяваў бацька, Міхась Іосіфавіч, найперш народныя песні — кшталту «Ой, сівы конь бяжыць» або славуты раманс «Ты не пришла, а я так ждал...». Вельмі любіла спяваць бабу­ля Марыя Іванаўна. Цікава, што на Грушаўцы, дзе нарадзілася мама, спявалі часцей, чым у Быхаве, на бацькавай радзіме.

Увогуле калі за святочным сталом збіраліся госці, абавязковай, а магчы­ма, лепшай часткай сустрэчы аказваліся вядомыя народныя або папулярныя эстрадныя творы. Ты таксама падпяваеш, «падцягваеш»... І адчуванне сябе ўнутры згуртаванай грамады блізкіх людзей, якія пяюць і яднаюцца не толькі галасамі, але суладдзем эмоцый, агульнага душэўнага ладу, — яно па вялікім рахунку мацуе дух. Уплывае на тое, як будзеш бачыць і чуць навакольны свет усе наступныя гады. А галоўнае, застаецца ў глыбінях памяці праявай неабдымнай, зіхоткай радасці, памножанай на колькасць выканаўцаў.

Згадваю, музыка ў той час літаральна панавала ў прасторы паўсядзённага жыцця. Прычым, творы розныя і першакласныя. Яны гучалі з радыёпрыёмнікаў, якія ў гарадскіх кватэрах і вясковых хатах не выключаліся цэлы дзень. Яркімі мелодыямі, таленавітымі музычнымі сачыненнямі былі прасякнутыя фільмы і тэлеперадачы. Цяперашняй моладзі цяжка ўявіць, але новыя оперныя і балетныя пастаноўкі часта трансліраваліся з маскоўскага Вялікага або ленінградскага Кіраўскага тэатраў. Яны суправаджаліся каментарыямі музыказнаўцаў, якія перад пачаткам дзеі прайгравалі на раялі вядомыя тэмы, знакамітыя арыі і дуэты. Тлумачылі, распавядалі — увогуле захаплялі нязмушаным падарожжам у свет геніяльных твораў.

На святочных імпрэзах з нагоды юбілеяў класікаў літаратуры, дзеячаў тэатральнага ці музычнага мастацтва мінулага часта гучала класіка. У выкананні найбольш знакамітых аркестраў і салістаў. А з сучаснага — тое, што было пазначана пячаткай густу і безумоўнага, бясспрэчнага таленту. Тых музычных скарбаў пры канцы 1960-х, у 1970—1980-я гады аказвалася столькі, што яны здаваліся бясконцымі. Іх хацелася адкрываць і спасцігаць.

Клавішы белыя і чорныя

У 1964-м бацькі атрымалі новую кватэру на вуліцы Якуба Коласа ў Зялёным Лузе. У наступным годзе я пайшла ў школу, тады ж мама і тата купілі чорна-бліскучае, урачыстае з выгляду піяніна «Беларусь», каб я вучылася музыцы. Купілі ў крэдыт, потым выплачвалі неабходную суму, напэўна, цэлы год. Кватэра здавалася агромністай, як на цяперашні погляд, нават неабходнай мэблі не хапала. А піяніна ў напаўпустой хаце з’явілася.

Два або тры разы на тыдзень я хадзіла на заняткі да Людмілы Міхайлаўны, мілай і ўсмешлівай настаўніцы музыкі. Зразумела, самы пачатак іх, авалодванне тэхнікай, патрабуе цярпення і настойлівасці. У педагога, відавочна, іх хапала, у мяне — не заўсёды.

Але захапляў вынік. У той час я заўзята збірала песеннікі з нотамі, там абавязкова друкаваліся мелодыі, якія можна прайграць на піяніна, калекцыяніравала дуэты і арыі з опер, змешчаныя ў музычных часопісах. Гэта хвалюючы момант, калі кранальна-пяшчотная або ўрачыста-велічная мелодыя, асноўная музычная тэма нараджаецца пад тваімі пальцамі. У сугуччы белых і чорных клавіш, у сугуччы асобных нот і акордаў.

Любіла я музычную літаратуру, з захапленнем чытала біяграфіі кампазітараў, славутых выканаўцаў і ў той жа час не зусім разумела, навошта мне трэба сальфеджыа. Я ж не збіралася быць піяністкай! Музыка існавала сярод іншых захапленняў, была часткай навакольнага свету, але не вызначальнай. Цяпер разумею, што без тых заняткаў, без музычнай школы не ўзнікла б глыбокае адчуванне і разуменне шматлікіх музычных твораў — оперных, балетных, інструментальных, камерных, што спатрэбіліся падчас прафесійных заняткаў музычнай журналістыкай.

Праз шмат гадоў, у 2003-м, калі разам з кампазітарамі мы ладзілі першую сумесную вечарыну ў касцёле Святога Роха, тагачаснай камернай зале філармоніі, я запрасіла і Людмілу Міхайлаўну, сваю настаўніцу. Яна выглядала здзіўленай. Напэўна, не спадзявалася, што тыя, даўнія заняткі будуць мець нейкі працяг...

Школьныя гады прайшлі пад знакам адкрыцця свету музыкі, тэатра, кіно. Падзея, калі бацькі куплялі — уявіце, якое шчасце! — камплекты пласцінак, дзе цалкам запісаны оперы «Яўгеній Анегін», «Травіята», «Аіда», балеты «Лебядзінае возера», «Спячая красуня», «Жызэль». Іх выпускала тагачасная фірма «Мелодыя». Усё слухалася, ды па некалькі разоў, пакуль сцэны з опер і аперэт, знакамітыя арыі і дуэты не запаміналіся цалкам.

Мне споўнілася 11 ці 12 гадоў, калі аднойчы бацька прынёс з акадэмічнай бібліятэкі манаграфію, прысвечаную Чайкоўскаму, вялізны том музыказнаўцы Альшванга. Спачатку прачытала, а потом, седзячы за фартэпіяна, прайгравала найбольш вядомыя эпізоды опер, балетаў, галоўныя музычныя тэмы. Дзіцячыя ўспаміны — яны вызначальныя. І застаюцца ў сховішчах памяці на ўсё жыццё...

Пад кіраўніцтвам Аляксандры Нікалаевай

З дзяцінства неадольна вабіў балет. Калі вучыліся ў першым класе, выправіліся ў культпаход на «Лебядзінае возера». Наступны раз я пайшла на ранішні балетны спектакль сама — замест таго, каб прыйсці ў нядзелю на школьнае мерапрыемства. За свавольства атрымала ад класнага кіраўніка вусную, але вымову. Пры ўсіх вучнях... Было крыўдна, але ў душы жыло перакананне, што тэатральныя ўражанні больш цікавыя і важныя, чым панылы сход.

У дзесяць гадоў упершыню ўбачыла па тэлевізары балет «Жызэль». Тое ўзрушэнне засталося ў памяці ажно на некалькі дзесяцігоддзяў. Як быццам неспадзявана адкрылася іншая, агромністая прастора, іншы свет. Непараўнальна лепшы за будзённы і паўсядзённы, які існаваў вакол. Свет фантастычны, ілюзорны, але прасякнуты прыгажосцю і моцнымі пачуццямі, якіх не хапала ў рэальнасці. Тое ўражанне павярнула ўсё жыццё ў іншым накірунку. З таго моманту збірала ўсё, што мела прамое ці ўскоснае дачыненне да балета, — кнігі, альбомы, часопісы, паштоўкі з выявамі артыстаў. Прычым, іх кошт не меў абсалютна ніякага значэння. Спачатку — балет, а потым усё астатняе — па магчымасці.

У пэўны момант я вырашыла: з таямнічым і загадкавым мастацтвам харэаграфіі трэба знаёміцца бліжэй. Бо зразумець пабудову танца, сольнага ці масавага, народнага ці характарнага, можна толькі праз уласныя рукі і ногі. У 8-м класе пайшла запісвацца ў студыю класічнага танца, якая існавала ў Пала­цы культуры прафсаюзаў. Ён і цяпер знаходзіцца на Кастрычніцкай плошчы сталіцы. Бацькам нічога не сказала, дазволу не пытала. Знайшла, запісалася. Выправілася на першыя заняткі, загадзя купіўшы купальнік і «чэшкі». Пабачыла ўсё на ўласныя вочы. Пасля першых заняткаў і паведаміла. Так сказаць, паставіла перад фактам.

Кіравала студыяй легенда айчыннага балета, яго былая зорка, народная артыстка Беларусі Аляксандра Нікалаева, або «баба Шура», як мы называлі яе за вочы.

Праз два месяцы рэпетыцый юныя артысткі, якія прыйшлі ў студыю разам са мной, выйшлі на сцэну. Няхай і ў масавым танцы. Гэты быў беларускі «Дубочак». Уражанне сцэны, асветленай агнямі рампы і «юпіцераў», адчуванне чорнай агромністай прасторы залы, з’яднаныя і пераплеценыя ў душы неверагодныя хваляванні, адказнасць, страх, узбуджанасць, імкненне станцаваць яе мага лепш — засталіся на ўсё жыццё. Сцэна — зачараванае месца. І хто туды трапіў, асабліва ў юнацтве, будзе наступныя гады да яе імкнуцца. Быць на ёй альбо каля яе.

Рэпертуар студыі дзякуючы намаганням Нікалаевай быў багаты і разнастайны: урыўкі з класічных балетаў «Дон Кіхот», «Лебядзінае возера», «Рай­монда», «Шчаўкунок», харэаграфічныя мініяцюры, характарныя і народныя танцы. Аляксандра Васільеўна ставіла на нас новыя нумары. Ганаруся, што разам з іншымі ўдзельнікамі студыі паспела выступіць ці не на ўсіх канцэртных пляцоўках Мінска — Дом афіцэраў, Палац спорту, палацы прафсаюзаў, спорту, трактарнага, аўтазавода, чыгуначнікаў, камвольнага камбіната. Аднойчы нават танцавалі на сцэне Опернага тэатра. Шмат ездзілі і па Беларусі, выпраўляліся на гастролі ў Літву.

Салісты, якія займаліся не першы год (часам яны мелі адукацыю, набытую ў харэаграфічнай вучэльні, або паралельна займаліся ў культасветвучылішчы), трымаліся асобна. Моладзь, занятая ў масавых танцах, часцей сябравала паміж сабой.

Вядома, «бабу Шуру» мы любілі. Студыя існавала, развівалася, а значыць, увесь час удзельнічала ў канцэртах, фестывалях, аглядах, выпраўлялася на гастролі найперш дзякуючы яе аўтарытэту, тэмпераменту, нястомнай энергіі. І кіраўніцтва палаца, і студыйцы яе паважалі, але адначасова крыху пабойваліся. Не так яе, як уласцівых ёй успышак нечаканага гневу. Была яна асобай эксцэнтрычнай, настрой на працягу адной рэпетыцыі мог мяняцца імгненна і кардынальна, ад радаснага і лагодна-памяркоўнага да раздражнёнага і спапяляльна-абуранага. Не ўсе вытрымлівалі такі эмацыйны «накат», які ўзнікаў імгненна і да якога ты ніяк не паспяваў падрыхтавацца. Здаралася, хтосьці з салістаў на рэпетыцыі не выходзіў, а літаральна вылятаў з залы, моцна грымнуўшы дзвярыма. Тыдзень не з’яўляўся на занятках, потым прыходзіў, як быццам нічога не здарылася. Салісты мелі права абурацца, «кардэбалет» звычайна моўчкі трываў хвалі гневу. Але што зробіш! Хочаш навучыцца — цярпі...

Але, думаю, менавіта з такім характарам і можна арганізоўваць шматлікія канцэрты і выезды за межы палаца і горада. Калі хочаш утрымаць вялікі калектыў, арганізаваць паказ дасягненняў на сваёй сцэне або на чужой пляцоўцы — значыць, трэба думаць пра спіс і паслядоўнасць ...

Быстрая навигация назад: Ctrl+←, вперед Ctrl+→