АЛЕСЬ ШАШКОЎ

ЦІХАЯ ЛАНЬ

РАМАН

Раздзел першы

Чорны туман

I

Над Ціхай Ланню — змрочная, ад веку бездаглядная пушча. Нібы стары крумкач, распасцёрла яна магутныя чорныя крылы над задуменнай, лянівай ракой, пад густым ценем сваім надзейна схавала ад вока людскога нямала маленькіх азёр i гіблых балот. Азёры i балоты даўно зараслі непралазнымi трыснягамі, дрэвы вакол стаяць цесна, абраслі сівым мохам, і снягі, занесеныя сюды злымі вятрамі, ляжаць аж да самага лета, вада ў рацэ плыве вольна, злосна варочаецца пад ніцым веццем старых вярбін, пад акасцянелым голлем панурых дубоў. I толькі ўжо дзесьці ў ліпені, калі ляціць з бяроз долу першы ліст, а на старых рабінах нясмела загараецца бледна-жоўтае полымя, Лань пачынае мялець. I тады раптам аказваецца, што сапраўдных віроў тут не набярэцца і тузіна.

Адзін з гэтых віроў, самы знакаміты на гэтай рыбнай рацэ, Васіль Крамнёў, які з цяжкай скрынкай на руках ратаваўся ад фашысцкай пагоні, і ўбачыў якраз у той момант, калі раптам адчуў, што сілы яго скончыліся: яшчэ некалькі крокаў — і ён паваліцца ў халодную мокрую траву.

«Чортаў вір! — Крамнёў застыў на краі крутога абрыва. — Ну, гады, цяпер вам мяне не ўзяць!»

З размаху шпурнуў у ваду жалезную скрынку, дзіка азірнуўся.

Па вузенькай зялёнай сцяжынцы, што засталася ад яго, Васілёвых, ботаў, у высокай, белай ад расы траве кацілася да ракі нешта няўклюднае, падобнае на вялікі спарахнелы корч, падхоплены шалёным парывам ветру. Ён, гэты корч, быў ужо блізка, да яго не заставалася і пяці крокаў, і Васіль ахнуў: гарбун!

...Скамянеўшы, поруч стаяў бургамістр Паўзуновіч-Валькоўскі. Сагнуўшыся, па-гусінаму выцягнуўшы жылістую шыю, ён глядзеў з абрыву ўніз, у чорную бездань, якая толькі што праглынула цяжкую жалезную скрынку — яго, Валькоўскага, запаветны скарб, апошнюю надзею на шчаслівую будучыню, дзеля якой і вярнуўся сюды, у свой родны маёнтак. «Езус Марыя, — бязгучна ўздрыгвалі белыя вусны гарбуна. — Няўжо? Не-не, яна ж тут, блізка, яе можна дастаць!» — Ён гнуўся ўсё ніжэй і ніжэй, цёр вочы рукою, і здалося, што бачыць яе, бачыць выразна, нібы яна не ў шматметровай глыбіні цёмнай вады, якая грозна віруе пад навіслымі кустамі лазы, а ціха гойдаецца на маленькіх хвалях каля самага берага. Вось яна, вось, стальная, з надзейным сакрэтным замком, ключ ад якога і цяпер ляжыць у ягонай кішэні! Колькі разоў, схаваўшыся ад чужога вока, трымаў ён гэтую скрынку на каленях, колькі разоў адмыкаў яе, перабіраў, пералічваў усё тое, што ў ёй хавалася! I не бляск золата — новае, багатае жыццё, вясёлыя агні Парыжа, які два гады назад у фашысцкім абозе ён пакінуў амаль жабраком, заманліва ззялі, зіхацелі, пераліваліся перад яго запаленымі вачыма.

Ззялі... Шчасце знікла, як сполах маланкі, боўтнулася ў чорную кіпучую бездань!

Злая, грэблівая ўсмешка слізганула па твары Крамнёва. Схаваўшы руку з пісталетам за спіну, ён асцярожна ступіў бліжэй да гарбуна, ціха шапнуў амаль у самае вуха:

— Добрай раніцы, пан бургамістр.

Валькоўскі падскочыў, нібы пад нагамі разарвалася міна. Цяжкі парабелум выслізнуў з яго павіслай рукі, знік у мокрай траве. Але гарбун, здаецца, гэтага і не заўважыў. Ён павольна, задам, сунуўся прэч ад ракі, ад яе крутога страшнага берага. Вялікая квадратная галава канвульсіўна ўздрыгвала, усё глыбей і глыбей хавалася ў худыя шырокія плечы, і цяпер між вострых гарбоў тырчэла толькі высокая афіцэрская фуражка, ды пад яе казырком ліхаманкава гарэлі вялізныя сінія вочы, поўныя смяротнага жаху. Крамнёў! Той самы «рэгулярнік», партрэты якога ён сам, бургамістр Валькоўскі, сваімі рукамі так нядаўна расклейваў на сценах вясковых хат, гонарам Кубэ абяцаў многія тысячы рэйхсмарак, зямлю, кароў і коней кожнаму, хто дапаможа злавіць бандыта ці хоць прынясе яго галаву! Чаму не пазнаў яго адразу там, на лясной паляне?

А не пазнаў... I не таму, што было яшчэ цемнавата, што наўкол панаваў перадранішні паўзмрок і курэўся нейкі чорны туман. Не таму! Раптам убачыўшы на руках «ляснога бандыта», што не паспеў сесці ў самалёт, сваю запаветную скрынку (Божа, ды ён мог пазнаць яе і ў глухой цемры, навобмацак!), захліпнуўся ад радасці. А яшчэ больш — ад дзікай лютасці. Вочы прыліплі, прыкарэлі, прыраслі да шэрай бліскучай сталі, і ён ужо нічога іншага не бачыў. Дык вось хто ўкраў яго скарб! — з размаху цяжкім молатам грукала кроў у запалыя скроні гарбуна. Вось хто прынёс яму столькі страшных пакут!

І як жа ён, бандыт, трапіў у маёнтак? Як змог адшукаць тайнік? Ну, ды цяпер гэта ўсё роўна. Ёсць скрынка, ёсць яго скарб. Ёсць і бандыт. Зараз ён, бургамістр Валькоўскі, схопіць зладзюгу — з такім цяжарам на руках той далёка не ўцячэ! — зловіць і павесіць! Пад акном свайго кабінета. На старой бярозе. Ды не! Лепш распне мярзотніка на шчыце, што стаіць на плошчы райцэнтра і на якім кожную раніцу вывешваюць новыя загады з Берліна і Мінска, прыб’е жалезнымі кастылямі, і няхай крумкачы шкуматаюць яго праклятае мяса.

Дрыжучы ўсім сваім хілым целам, Валькоўскі раз’юшаным зверам рынуўся з кустоў на паляну, дзе з ягонай скрынкай на руках адзінока стаяў «рэгулярнік», істэрычна крыкнуў:

— За мной! Не страляць! Бяром жывым!

...Жывым... Вось ён, жывы, стаіць, ядавіта ўсміхаецца і павольна, нібы нехаця, узнімае пісталет...

Упёршыся гарбом у шурпаты камель нізкарослага дуба, гарбун захіліў твар рукамі і закрычаў. Гэта быў нават не крык, а нейкае жудаснае скавытанне, скавытанне сабакі, які раптам убачыў палку ў руках раз’юшанага гаспадара.

«Якая нікчэмнасць! — павольна ўзняўшы пісталет, паморшчыўся Крамнёў, і ў гэты ж момант аднекуль з-за блізкіх кустоў даляцеў зычны трывожны голас:

— Пан бургамістр, што з вамі?

Крамнёў імгненна зашыўся ў куст лазы, прытаіўся. Чалавек сем карнікаў дружна шуганулі на лужок, спыніліся, насцярожана шукаючы вачыма свайго камандзіра.

«Ого, колькі іх!» — Крамнёў хапатліва сунуў у кабуру пісталет і, як некалі ў маленстве, лодачкай склаўшы над галавою далоні, рынуўся з кручы ўніз, у злавесную чорную бездань...

II

...Не, капітан Васіль Ьанавіч Крамнёў не думаў так прымітыўна развітвацца з жыццём. Убачыўшы перад сабою знаёмы вір, узрадаваўся яму, як збавенню, як вернаму сябру, што паспеў на дапамогу ў самы крытычны момант.

Ды і сапраўды, нічога лепшага, каб уратавацца ад ворагаў, што гналіся за ім ужо амаль паўгадзіны, нельга было і прыдумаць. Высокі, круты, як сцяна закінутай крэпасці, бераг, скрозь густа парослы кустамі лазы, калючых ажынаў і дзікім маліннікам, цяжка вісеў над цёмнай вадою, і ў гэтай адвеснай сцяне, помніў Васіль, ёсць цесная, як пралезці чалавеку, нара — уваход у невялікую пячору.

...Даўно, яшчэ да вайны, калі Васіль Крамнёў быў студэнтам і летняй парою наведваўся ў Зарэчча, каб парыбачыць на багатых тутэйшых азёрах і лясной прыгажуні рацэ, паказаў яму гэтую пячору знаёмы мясцовы рыбак Рыгор Вайцёнак. Ужо тады немалады чалавек, Рыгор жыў бабылём. Яшчэ «за панскім часам» загінула ад рук польскіх «жоўнежаў» яго нарачоная, прыгажуня Ванда, такая ж, як і ён сам, партызанка, і асірацелы Рыгор так і не знайшоў вартай Вандзе замены. Пабудаваў сабе невялікую ды ўтульную хату на беразе возера за паўвярсты ад Зарэчча і жыў, мала каго турбуючы. Ноччу вартаваў калгаснае жыта, калгасныя свірны, а днём, асабліва летняй парою, прападаў на шматлікіх мясцовых азёрах ці забіраўся ў Ціхаланьскую пушчу, на рыбную Ціхую Лань.

Да Рыгора Вайцёнка і прыляпіўся малады, ды зацяты рыбак Васіль Крамнёў. I сам пустэльнік Рыгор сэрцам прырос да не па гадах сур’ёзнага і не пахлапецку ласкавага Васіля. Ён кожнае лета, якраз перад апошнім экзаменам ва універсітэце, сам ехаў у Мінск і вёз маладога студэнта ў Зарэчча, у сваю светлую хату.

...У той цёплы ліпнёвы дзень яны лавілі ляшчоў на Ціхай Лані, на вось гэтым далёкім Чортавым віры. I тут іх прыхапіў раптоўны лівень. Яны хуценька забраліся пад магутны лазовы куст, аднак патокі халодный вады даставалі і тут. I тады стары рыбак, ціха вылаяўшыся, загадаў:

— Кідай, хлопец, вуду на куст і шыбуй за мной. Ды асцярожна, у вір не боўтніся. Гліна тут, усё размокла...

I праз тры ці чатыры хвіліны яны ўжо былі ў прахалодным сырым падзямеллі. Васіль уключыў ліхтарык. Над галавой, густа сплёўшыся, віселі валасатыя карані, тоўстыя і зусім танюткія, шэрыя і зусім белыя, жывыя і ўжо даўно мёртвыя. А далей, у глыбіні падзямелля, злева ад увахода, ляжаў вялізны светла-шэры камень, плоскі, як стол, ці, як звычайныя нары. З-пад каменя, паціху ўсхліпваючы, упарта выкручваўся амаль белы струменьчык вады і, вырваўшыся на волю, імкліва кідаўся прэч ад свайго шэрага тырана, смела куляўся цераз невысокі камяністы парожак, хаваўся пад лазовым кустом.

— Бачыў? Жэўжык, а які спрытны! — весела азваўся Рыгор. — Сам, што той крот, а які палац выпратаў!

...Вось у гэты падземны палац цяпер і зашыўся капітан Васіль Крамнёў. Апусціўшыся на калені, ён доўга і прагна цалаваў святую вадзіцу сасмяглымі вуснамі. Напіўшыся, заліўшы ў целе агонь, які не змагла патушыць халодная вада ракі, апусціўся на камень, лёг на старое, ужо спарахнелае сена.

— Усё... Вырваўся... — выдыхнуў.

— ...Што, пан бургамістр, дагнаў? — насмешліва гукнуў нехта зверху, якраз над галавой капітана. — То-та. Казаў жа я вам: страляйце. Дык не, жывым. Толькі жывым! Ну, дык цяпер і бярыце. I мёртвага тут не знойдзеце...

— Тут ён, тут! — усклікнуў другі, мусіць, бургамістр. — Я сам бачыў, як скочыў у ваду!

— Скочыў. Улёгся на дне і пускае бурбалкі. Вунь колькі іх на вадзе.

— То бурболіць мая скрынка! — ад злосці блытаючы словы, заявіў бургамістр. — Ён кінуў яе ў вір, я гэта бачыў сам!

— Што ж не хапалі, калі бачылі? — кпіў усё той жа голас.

— М-маўчаць! — задыхнуўся Валькоўскі. — Распранайся! Даю пяць мінут!..

«Няўжо ...

Быстрая навигация назад: Ctrl+←, вперед Ctrl+→