НІЛ ГІЛЕВІЧ

МІЖ РОСПАЧЧУ І НАДЗЕЯЙ

ЗАМЕСТ ПРАДМОВЫ

Між роспаччу і надзеяй пражыў усё сваё сьвядомае жыцьцё — ад маладосьці да старасьці.

Між роспаччу і надзеяй жыву-дажываю і сёньня. І роспачы, на вялікі жаль, усё больш і больш.

Але надзея застаецца...

Ніл Гілевіч

2003, ліпень

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

1931—1959

Мая «малая радзіма» — гэта заходне-паўночны куток Лагойшчыны, самы, бадай, прыгожы на тэрыторыі ўсяго раёну. Самы «гарысты», з рэзкімі перападамі паверхні, парэзанай равамі і лагчынамі, атулены лясамі і пералескамі. У краязнаўчай кніжачцы «Лагойскі раён», выдадзенай у 1928 годзе, напісана, што гэта «наша беларуская Швейцарыя». Хто ехаў з Лагойску на Гайну, а затым на Янушкавічы і Калачы, той пераканаўся: на кожнай вярсьце трэба і падняцца на пагорак, і апусьціцца ў лагчыну, і наўкола, куды ні глянь — тыя ж самыя «швейцарскія» краявіды. Кут гэты, як сьведчаць гістарычныя дакументы, належыць да яшчэ ад старажытнасьці цывілізаваных. Яшчэ ў XIX стагоддзі, па спадчыне з даўнасьці, ваколіцы Лагойску славіліся радовішчамі вапны, розных гатункаў гліны, каменю, жалезнай руды, а таксама жалезнымі і сернымі крыніцамі, якія мелі лячэбныя ўласьцівасьці ад паралюшу, рэўматызму і нервовых хваробаў.

Сам Лагойск (Логожеск, Логойско) у летапіснай гісторыі ўпершыню ўпамінаецца за 1078 год і належаў аднаму з сыноў Усяслава. Ён узьнік як адно з абарончых крывіцкіх паселішчаў Полацкай дзяржавы, натуральна — з магутным, змураваным на беразе Гайны, замкам, і часта станавіўся ахвярай войнаў між кіеўскімі і полацкімі князямі. У XII—XV стагоддзях існавала, у межах Полацкай зямлі, Лагожскае княства (сьведчыць Іпацьеўскі летапіс). Лагойскімі князямі былі Усяслаў Мікуліч (1180) і Васілька Валадаравіч. У сярэдзіне XIV ст. Лагойскае княства належала Войшвілу (ёсьць меркаваньне — сын Кейстута). У 1387-м вялікі князь Ягайла аддаў Лагойскае княства свайму брату Скіргайлу, які быў яго намесьнікам у Вялікім Княстве Літоўскім. З 1392 году ўлада ў ВКЛ, як вядома, належала Вітаўту, які параздаваў маёнткі Лагойскага княства. У сярэдзіне XV ст. ад Лагойскага княства засталася невялікая частка з Лагойскам і Гайнай і належала Кіеўскаму князю Алельку Уладзіміравічу, потым яго брату Андрэю; пасьля Гайна дасталася яго нашчадкам, а Лагойск быў вернуты вялікаму князю. У наступных стагоддзях, неаднойчы спалены і зруйнаваны заваёўнікамі (татарамі, шведамі), горад прыйшоў нарэшце ў заняпад і памалу-патроху ператварыўся ў звычайнае, хоць і вельмі маляўнічае, каларытнае мястэчка, перасечанае зьвілістай стужкай крынічна-чыстай Гайны. Між іншым, гэты прыток Беразіны быў у даўнія часы ладнай ракой: як сьведчаць гісторыкі, па ёй сплаўлялі мачтавы, паўмачтавы і будаўнічы лес.

Другім пасьля Лагойска найбольш старажытным і вядомым паселішчам гэтага кутка было невялічкае, на чатыры вуліцы, мястэчка Гайна (раней — Айно, «г», відаць, прыдыхнулася, бо суседняя вёска і маёнтак Мураваны Двор — Айнаравічы). Упершыню Гайну ўпамінае гісторык Я. Длугаш (ХІV ст.) У Гайне, на месцы язычніцкіх ахвярнікаў, вялікім князем Вітаўтам быў пабудаваны (пасьля 1397 г.) касьцёл — адзін з сямі першых касьцёлаў на тэрыторыі Беларусі, да таго спрэс праваслаўнай. Дарэчы, сама каралева Ядвіга надарыла гаенскі касьцёл рэчамі. Храм праіснаваў чатыры стагоддзі, а ў 1788-м быў пабудаваны новы — вельмі высозны і прыгожы; ён прастаяў да вясны 1944-га, калі яго, як і дзясяткі іншых на Беларусі, напаткаў трагічны лёс: у нейкіх ваенных мэтах узарвалі партызаны.

Трэба думаць, што дзейнасьць касьцёлу, заснаванага самім вялікім князем, г. зн. вельмі аўтарытэтнага і багатага, нямала паспрыяла ў далейшым культурна-духоўнай цывілізацыі ўсяе Лагойшчыны і яе Гаенскай «акругі» ў прыватнасьці. Менавіта ў Гаенскім касьцёле ў верасьні 1514 году па заказе караля і вялікага князя Жыгімонта I Старога, які ў тыя дні знаходзіўся на Лагойшчыне, была спраўлена ўрачыс­тая імша ў гонар перамогі ліцьвіноў над войскамі маскоўскага князя Васіля III.

У Гайне або ў яе ваколіцах нарадзіўся вядомы зьбіральнік вуснапаэтычнай народнай творчасьці, піянер усходне-славянскай фалькларыстыкі, этнаграфіі і археалогіі Зарыян Далэнга-Хадакоўскі (сапр. Адам Чарноцкі). Гайна — радзіма вядомага літаратара, выдаўца і навукоўца Ігната Шыдлоўскага, які ў 1818 годзе апублікаваў у Вільні ў часопісе «Тыгоднік Віленскі» беларускія вясельныя песьні Гаенскай парафіі, сабраныя (відочна, ягоным бацькам) яшчэ ў 1800-1801 гадах. У трох вёрс­тах ад Гайны знаходзіўся адзін з буйнейшых на Лагойшчыне маёнткаў Мураваны Двор; у першай палове ХVІІ ст. ён належаў памешчыку Эйнаровічу, у якога тады ж служыў Ян Цадроўскі — памочнік і пісар князя Радзівіла ў падарожжах апошняга па Заходняй Еўропе. Запіскі Я. Цадроўскага апублікаваныя і ўтрымліваюць у сабе вельмі цікавыя факты з часоў паходу Маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча на Беларусь, у прыватнасьці — пра разгром яго атрада на ўсходзе Лагойшчыны.

За вёрст шэсьць-сем ад Гайны ёсьць невялікая вёска Альхавец. Там, у фальварку пад гэтай жа назвай, гадаваўся вядомы вучоны-філолаг, прафесар Маскоўскага, а пасьля — Карлавага універсітэту ў Празе Яўген Ляцкі. Сваю навуковую дзейнасьць ён пачаў студэнтам са зьбіраньня народных песень Гайна-Слабадской воласьці — на радзіме, куды прыязджаў да бацькоў на канікулы. Пра гэтую яго працу я расказаў у кнізе «З клопатам пра песні народа», ня тоячы пачуцьця радасьці, што на пачатку XX ст. песенны фальклор нашага кутка быў сабраны і апублікаваны Ляцкім у акадэмічным навуковым выданьні «Известия императорской Академии наук» (1904). I вось, як гэта кажуць,— цесны сьвет. У лістападзе 1976 году госьцем БДУ быў знакаміты славенскі лінгвіст з Любляны, выхаванец Карлавага універсітэту, прафесар, акадэмік Францэ Безлай. Адзін з вечароў шаноўны госьць правёў у нашай хаце і, распавядаючы пра свае студэнцкія гады, нечакана сказаў: «Мне пашанцавала: у Карлавым універсітэце маім настаўнікам рускай мовы і літаратуры быў бліскучы прафесар Яўген Аляксандравіч Ляцкі. Шкада, у 1942 годзе ён памёр...» Як быў спачатку ўражаны я, так быў зьдзіўлены потым ён, калі я сказаў, што Ляцкі — мой зусім блізкі зямляк, з аднае воласьці родам.

У Альхаўцы нарадзілася і вырасла Алеся Смоліч, вядомая на пачатку 20-х гадоў дзяячка на ніве беларускай асьветы і культуры, жонка выдатнага вучонага-географа і аднаго з актыўных стваральнікаў БНР Аркадзя Смоліча. У канцы 60-х, пасьля пасьмяротнай рэабілітацыі Смоліча, Алеся Ігнатаўна вярнулася з сібернай ссылкі ў Менск, мы пазнаёміліся і неаднойчы падоўгу гутарылі з ёю пра нашу Гаеншчыну. Божа, з якім замілаваньнем, з якой сьвятлістай любоўю і цеплынёй успамінала яна свае дзіцячыя паходы з Альхаўца ў Гайну — у краму, каб купіць цукерак!..

Ну, а галоўны «віноўнік», чыё імя навекі ўпісала Гайну і Гаеншчыну ў гісторыю Беларусі, беларускай літаратуры і культуры — гэта наш найвялікшы змагар за шчасьлівую долю Бацькаўшчыны, апостал нацыянальнага адраджэньня, паэт-прарок Янка Купала. Да нядаўняга часу, па ўласьцівай нам нядбайнасьці, цягам многіх дзесяцігоддзяў ва ўсіх падручніках і даведніках сьцьвярджалася, што малая ра­дзіма Купалы — Вязынка, вёска на Маладзечаншчыне. Бясспрэчна, нарадзіўся Іван Дамінікавіч Луцэвіч у Вязынцы, каля Радашкавіч, але — колькі ён там пражыў? Некалькі месяцаў? Так, усяго некалькі месяцаў. А затым — усе яго дзіцячыя, падлеткавыя і дзецюкоўскія гады прайшлі на Лагойшчыне: у Косіне, у Прудзішчы (дакладней — хутар Жаброўшчына каля Прудзішча), у Селішчы. Пазьней, ужо будучы вядомым паэтам, месяцамі гасьцяваў у маці ў Акопах... I Прудзішча, і Селішча — вёскі Гайна-Слабадской воласьці, цэнтр якой, валасная ўправа, знаходзілася чамусьці ня ў Гайне, а ў нашай Слабадзе (па дакастрычніцкай намінацыі, у адрозьненьне ад іншых Слабод, якіх на Беларусі мноства, наша называлася Слабада Гаенская). У будынку былой валасной управы, куды напэўна неаднойчы, застаўшыся пасьля сьмерці бацькі гаспадаром, заходзіў Іван Луцэвіч, да вайны месьцілася наша Слабодская сямігодка (у нас гаварылася толькі так: Слабодская, а не Слабадская, і слабодцы, а не слабадчане). У двары, перад фасадам будынку, захоўваўся гладкі цёмнабуры гранітны пастамент, на якім да рэвалюцыі стаяў помнік расейскаму імператару Аляксандру II.

На Лагойшчыне Ясь Луцэвіч сказаў першае слова і ўвогуле пачаў гаварыць, а ў чатырнаццаць гадоў напісаў свой першы верш. На Лагойшчыне ён з дзяцінства купаўся ў стыхіі жывой народнай мовы, навек захаваўшы ў сваіх паэмах і п’есах асаблівасьці мясцовай гаворкі (нося, кося, прося, ходзя, водзя, салодзя, любя, гавора і г. д.), на Лагойшчыне ён убіраў у душу чароўныя паэтычныя скарбы народных песень, казак, легенд і паданьняў, спасьцігаў і засвойваў адметнасьці народнага побыту, звычаяў і традыцыяў, рысы нацыянальнага характару — усё, што пасьля так геніяльна выявілася ў яго творчасьці. Адным словам, можна сказаць так: калі божая душа Іван Луцэвіч прыйшоў на сьвет у Вязынцы, то паэт Янка Купала нарадзіўся, пачаўся і склаўся на Лагойшчыне. Што і засьведчыў ён сам яшчэ ў 1908 годзе ў вершы «Я ня сокал»: «А я толькі верабейка ўзрошчаны пад Гайнай».

На Лагойшчыне, у Акопах, Янка Купала напісаў усе да адной свае п’есы: і «Паўлінку», і «Раскіданае гняздо», і «Тутэйшых», і «Прымакі», паэмы «Бандароўна», «Курган», «Яна і я», каля сотні вершаў, у тым ліку, такія шэдэўры грамадзянскай і філасофскай лірыкі, як «Песьня мая», «Жняя», «За свабоду сваю», «З вячэрніх дум», «Тутэйшы», «Песьняй толькі», «Над калыскай», «А зязюлька кукавала», «За ўсё», «I прыйдзе». Там жа быў зроблены пераклад «Слова аб палку Ігаравым». Падзеі, якія мелі месца на Гаеншчыне, склалі зьмест многіх раньніх паэмаў, вершаваных апавяданьняў і вершаў Купалы, у некаторых упамінаецца сама Гайна («Адплата каханьня», «Я ня сокал», «Сват»).

***

Нарадзіўся я 30 верасьня 1931 году, дажджлівым вечарам, у дарозе, побліз вёскі Лагаза — кіламетраў за шэсьць ад роднай С ...

Быстрая навигация назад: Ctrl+←, вперед Ctrl+→