Збіраючыся ў няблізкую вандроўку, апроч рэчаў побытавых чалавек іншым разам бярэ з сабою нешта для душы: пачытаць у прынагодную часіну. Гэткім спажыткам для свядомага беларуса бясспрэчна можна лічыць "Дудку беларускую" Мацея Бурачка vel Францішка Багушэвіча.
Францішак Багушэвіч — наш самы яркі нацыянальны паэт XIX ст. Менавіта творчасць Мацея Бурачка і Сымона Рэўкі з-пад Барысава ў адной асобе — ягоная хай сабе і невялікая (нават па мерках XIX ст.), аднак яркая літаратурная спадчына адназначна сцвердзіла: беларуская літаратура была, яна ёсць, а значыць, у яе будзе і годны працяг.
Францішак Бенядзікт, сын Казіміра Багушэвіча, нарадзіўся 21 (9) сакавіка 1840 г. "у двары Свіранах" (цяпер у Летуве, пад Вільняй). Гадаваўся будучы паэт у маёнтку Кушляны (34 сялянскія душы). Там мінула маленства Францішка. Адтуль пацягнуліся сыны кушлянскага гаспадара ў Вільню, па навуку. Пасля заканчэння Віленскай гімназіі (1861) здольны юнак паступіў у Пецярбургскі ўніверсітэт, але вучобу так і не пачаў: вымушана вярнуўся ў родны край, дзе працаваў у школцы, адкрытай на Лідчыне ўладальнікам маёнтка Доцішкі Аляксандрам Звяровічам. Тут, на Лідчыне, у Доцішках, заспела Францішка паўстанне 1863 году. Год, які застаўся ў гісторыі станаўлення і развіцця новай беларускай літаратуры і новай беларускай нацыі. Там, у маладосці паэта, належыць шукаць першаспеў Багушэвічавай музы? Ці ён абудзіўся тут, на радзіме, і прагучэў на роднай мове? Ці ўпершыню муза ягоная прамовіла па-польску на ўкраінскай зямлі, дзе пасля паўстання, адвучыўшыся ў Нежынскім юрыдычным ліцэі (1865–1868), Багушэвіч пражыў, бадай, дваццаць гадоў? Ці, можа, маюць рацыю тыя ўкраінскія даследчыкі, што сцвярджаюць: першыя свае творы Ф. Багушэвіч напісаў па-ўкраінску?
Расскажите нам о ваших литературных предпочтениях – выберите интересные вам жанры и поджанры
Мы собрали для вас персональную книжную подборку на основе ваших предпочтений.