Читать онлайн «Салавей»

Автор Змитрок Бядуля

Змітрок Бядуля

Салавей

Частка I

1.  Спевы салаўя

Вясна.

Дазваляецца чытачу маляваць вясну па свайму густу.

Салоўка спявае.

Ці варта чапаць гэту маленькую шэрую птушачку?

Яна сваімі спевамі давала натхненне (як даўней гаварылі) песнярам усіх краёў зямлі.

Пакаленне за пакаленнем ткала шматмільную плахту вякоў, а салоўка ўсё спяваў ды спяваў, дыктаваў вершы рамантычна настроеным юнакам. Істужкаю гэтых вершаў можна аплятаць галу зямлі, як гліняны гляк дротам. Калі не верыце — папрабуйце!

Ці варта чапаць гэту маленькую шэрую птушачку?

Яна вясной атуляе музыкай наш бярэзнік, брызгае ў месячную павуціну гучным вадаспадам разнастайных трэляў.

Тады здаецца, што зоркі падаюць у хмызняк і звіняць срэбрам і шклом.

Тады здаецца, што салаўіная песня застывае на лузе кроплямі расы, дыяментамі радасных слёз.

Тады здаецца…

Кожнаму ўсё па-свойму здаецца.

А месяц — чырвоны, чырвоны. Вясновую ноч крывавіць. А часам ён сіні або іншага колеру.

Бывае месяц выглядае, як серп, як падкова, напамінае жывёліну, выстаўляе рукі, як чалавек, на хвойку ўзлезе.

Гэта ўсё залежыць ад аўтара.

А вочы ў яе робяцца таемнымі, вабнымі, а твар — бледны.

Вечная, яна марыць аб вечным ім.

А ўсяму гэтаму вінават салоўка.

Ці варта чапаць гэту маленькую птушачку?

Мы і не думаем чапаць.

Наш сказ аб такім салоўцы, які спявае нават узімку.

2.  Нядзельныя званы

Тры гады таму назад.

Летняя раніца.

Сонца лезе гарэзліва ў акно. Не дае спаць. Тупат ног па тратуарах. Людскі гоман. Нядзеля.

На вуліцы рух.

Па кроках, па гутарках, якія чуваць праз ценкія драўляныя сцены маёй кватэры, пазнаю большасць маіх суседзяў і суседак з прадмесця.

Праходзяць каля майго акна дзве старыя дзевы: панна Вікторыя і панна Канстанцыя. Яны гутараць аб «пончках з кавай», якімі даўней карміліся. У галасах шасцідзесяцігадовых «панн» аддуваецца апетытнасць, імкненне да асалоды. Мне здаецца, што бачу іхнія шамкаючыся, слінявыя зморшчаныя губы і галодна-жаласныя падслепаватыя вочы.

Цяпер яны абедаюць у сталоўцы нейкай дабрачыннасці і патрохі жабруюць па суседзях.

Панна Вікторыя — пані, у якой панна Канстанцыя служанкаю ўжо гадоў трыццаць.

Панна Вікторыя часам заходзіць да мяне па «бжонтак» (кіпяток). Лічыць мяне «пожондным» чалавекам і стараецца адшліфоўваць, каб я зрабіўся «гжэчным» (далікатным).

Першыя правілы «гжэчнасці» ўжо ведаю, я павінен ёй казаць не проста «дзень добры!», а «дзень добры, панна Вікторыя!». Тады яна робіць «кніксен» і ўсміхаецца як пятнастоўка.

Пасля такога «свецкага этыкета» панна Вікторыя хоча мне пачытаць французскі раман — у знак пашаны да маёй асобы. Я рознымі хітрыкамі кожны раз выкручваюся ад такіх сеансаў.

Часта яна мне робіць заўвагі, што першы кланяюся панне Канстанцыі (а не панна Канстанцыя мне) і служанцы таксама кажу: «дзень добры, панна Канстанцыя!»

— Так не выпадае, — іртуецца панна Вікторыя.  — Першым чынам, нязручна пану (гэта значыць, мне) наймітцы (Канстанцыі) кланяцца і называць яе паннай.

Па-другое — я, мабыць, не здолен успрымаць навукі добрага тону, бо не такога пахаджэння, як панна Вікторыя.