Читать онлайн «Дагератып»

Автор Людмила Рублевская

Людміла Рублеўская

Дагератып

© Людміла Рублеўская, 2016

© ІП А. М. Янушкевіч, 2016

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016

Кніга знешняга кола

Раздзел першы. Пад'езд з шахматнай падлогай

Гэта было ў той год, калі ўсе пачалі насіць кашулі ў краткі.

Быццам вуліцы запоўніліся каўбоямі.

Але пазнаваўся толькі статак.

Яшчэ ў той час у горадзе паўсюль замест асфальту клалі новую плітку. Дакладней, здзеклівае падабенства брукаванкі. Шэрыя ці ружаватыя бетонныя брускі мясцовай вытворчасці вельмі хутка трэскаліся, а паколькі зазвычай іх укладвалі ў вільготную зямлю – а халера яго чакаць, пакуль высахне, распаўзаліся ў бакі, як гнілое сукно, дыбіліся неахайнымі хвалямі, па якіх было нават весела скакаць. Тым больш у маіх Чаравіках. Менавіта так, з вялікай літары. Суперскія Чаравікі, якія ўдалося набыць хаця б ужыванымі, праз інтэрнэт, затое – чорна-бліскучыя, з цяжкой «жаўнерскай» скуры, прашытыя суворымі ніткамі… Хех! Навюткія такія ж за маю журналісцкую паўстаўку не купіш.

Дарэчы, яшчэ пашанцавала на гэтую паўстаўку, мне ж засталося апошні курс давучыцца, а ўжо цяпер не баліць галава пра размеркаванне.

Затое баліць – пра жытло. Праўда, якраз з'явіўся шанец гэтую праблему бліскуча вырашыць. Знаёмы хлопец з'язджае па нейкім гранце займацца сваёй біялогіяй-заалогіяй-пацукалогіяй, а паколькі акрамя тае пацукалогіі (ці прусакалогіі) нічога яго, падобна, па жыцці не цікавіць, прапанаваў сваю кватэру, у самым цэнтры места, абсалютова бясплатна ў карыстанне двум правінцыяльным студэнтачкам. На шчасце, Наста, мая сяброўка і суседка па здымным жытле, з’ехала на тыдзень да бацькоў, і ўсе ўражанні візіту – мне, мне адной!

Машыны ляцелі па праспекце так мэтанакіравана, быццам кожная везла сэнс жыцця, але мяркуючы па смуродзе, які пасля іх заставаўся, гэта быў не вельмі добры сэнс. Я дастала смартфон і патыцкала пальцам у экран, павялічваючы фрагмент карты з патрэбным мне домам. Ого, гэта той самы, з дзьвюма скульптурамі перадавых калгасніц на карнізе і кніжнай крамай на першым паверсе! Крутая кватэрка…

Высока нада мной перадавыя калгасніцы, прыціскаючы да магутных грудзей па снапе, перавязаным стужкай, пазіралі ў шэрае восеньскае неба цяпер ужо майго горада сляпымі каменнымі вачыма. І зерне ў іх каласах было каменнае. А млын заснавальніка горада, волата Мянеска, які перамолваў камяні, даўно спыніўся, і не было нікому справы да хлеба прамінулых стагоддзяў.

Пад'езд нагадваў пра тыя часы, калі па вітых лесвіцах з каванымі мадэрновымі балясінамі дзелавіта падымаліся людзі ў фуражках з зорачкамі, а той, за кім яны ішлі, кідаўся ў лесвічны пралёт…

Ды не, гэта я рамантызую. Ніхто не кідаўся… У гэтым я ўпэўнілася, калі працавала над серыяй артыкулаў пра беларускіх літаратараў з таварыства «Маладняк». Сядзелі па кватэрах і чакалі арышту – паэты, пісьменнікі, навукоўцы… Трэсліся пад коўдрамі, трымалі ў калідоры клуначак з неабходнымі для турмы рэчамі, прыслухоўваліся начамі да крокаў па лесвіцы: не, не да нас! Далібог, не да нас! І суцяшаліся: я ж нічога кепскага савецкай уладзе не зрабіў, я ж за яе, ёсць больш вінаватыя! Нават калі арыштуюць, разбяруцца! Ну не можа быць, каб вось так, нізавошта…