Читать онлайн «Радзіва "Прудок". Дзённік»

Автор Андрусь Горват

Андрусь Горват

Радзіва «Прудок»

Фота Арцём Багаслаўскі, Кацярына Гусева, Андрусь Горват, Яніна Мяцельская, Вольга Бяляева

© Андрусь Горват, 2017

© Афармленне. ІП Янушкевіч А. М. , 2017

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2017

Раздзел 1

Мемуары дворніка

2013 год

Лістапад

* * *

Хачу быць дворнікам.

* * *

Ноччу сасніў Ганну Чарнушку з «Людзей на балоце». У сне мы цалаваліся, і Ганна нават паказала мне калена.

Калена Чарнушкі – от сапраўдны беларускі эратычны сон.

* * *

Ганна пайшла за багацея Яўхіма, а я хадзіў на суразмоўе ў гандлёвы цэнтр «Карона». І такое адчуванне, што я прасіўся да іх не дворнікам, а дырэктарам мяснога аддзела.

– Мы вам перезвоним, – кажуць.

Ага, так я і паверыў. Убачылі дыплом журналіста і спужаліся.

* * *

Дворнік Купалаўскага тэатра зарабляе два мільёны. Дворнік Галоўпаштамта – два з паловай. Дворнік камерцыйнай установы – тры. Дворнік гандлёвага цэнтра «Карона» – чатыры.

Чым болей для душы, тым меней для кішэні.

У тэатры пацікавіліся, ці валодаю я беларускай мовай. У астатніх месцах – ці п’ю.

Пайшоў на каву да Машы. Заадно паеў. Маша кажа, што дворнічаць за грошы – гэта дурны тон. І што ўсе прыстойныя фрыкі працавалі дворнікамі. І што Чарнушка б ухваліла.

То добра.

* * *

У тэатры ёсць свая легенда – бабуля, якая працавала дворнічыхай паўстагоддзя.

Цэлыя пяцьдзясят гадоў!

Начальніца аддзела кадраў паведаміла, што ёй неаднойчы прапаноўвалі іншую пасаду, на прыступку вышэй. Але бабуля адмаўлялася. Куды тая дворнічыха падзелася і калі ўсё гэта адбывалася, ніхто не змог узгадаць.

* * *

Засталося прайсці медкамісію, і ў маёй працоўнай кніжцы з’явіцца новы запіс.

* * *

Сусед знізу, Алег, пытае:

– Ты яшчэ на волі?

Нечакана я стаў мясцовым аўтарытэтам. Тры дні таму нейкі крыміналіст хадзіў па падʼездзе і выпытваў, як я выглядаю, як сябе паводжу, з кім жыву. Не ведаю, што ён ад мяне хацеў, але сусед стаў паважаць мяне яшчэ болей.

Летась я хадзіў да псіхатэрапеўткі Леры. Яна вучыла мяне выказваць затоеную агрэсію. Потым я пераехаў сюды, пазнаёміўся з Алегам, і мяне прарвала. Ужо год мінуў, а ён дагэтуль апасліва пазірае на мяне.

Алег адзіны, хто са мной вітаецца. Калі выходжу пакурыць на балкон, ён крычыць мне:

– Прывет, сусед!

Ён цэлымі днямі бадзяецца па двары і зазірае ў вокны.

Праз дзесяць-пятнаццаць гадоў я стану такім, як Алег, – непатрэбным чалавекам.

* * *

Сёння не зачыніў балконныя дзверы, і кот Рома скочыў за голубам, але не ўтрымаўся і паляцеў уніз. Калі Ромка мінаў другі паверх, учапіўся кіпцюрамі за балкон.

Хто ведае замову ад спуду? Для трыццацігадовага мужчыны. Пайшоў да Алега па Ромку, убачыў, што Алегаў ложак знаходзіцца там, дзе мой. Цяпер кожны раз, як лягу спаць, буду думаць, што пада мною ляжыць тое, чым я не хачу стаць. Часам чую ягоны храп ці як ён варочаецца ў сне. Гэта вельмі страшна. Гэта адзінае, чаго я баюся да ўсрачкі, – калі самая нежаданая будучыня ўвесь час нагадвае пра сябе.

* * *

Я дворнік!

* * *

Першы працоўны дзень. Працаваў у малінавых джынсах, бо тэатральныя порткі былі такія вялізныя, што туды можна ўсунуць дзесяць мяне.

У малінавых джынсах і з зялёнай мятлою я самы модны дворнік!