Читать онлайн «Яблычак»

Автор Сергей Песецкий

Сяргей Пясецкі

ЯБЛЫЧАК

Менская трылогія.

Кніга першая

.

.

Хто з вас без граху, хай першы кіне ў яе камень.

Евангелле паводле Яна, 8:7

.

УСТУП АЎТАРА

У рамане «Каханак Вялікай Мядзведзіцы» я апісаў жыццё кантрабандыстаў. У маіх творах «Пяты этап» і «Багам ночы роўныя» паказаная праца шпіёнаў на тэрыторыі Расеі. У трылогіі «Яблычак», «Гляну я ў акно…», «Ніхто дабром не дасць збаўлення…» я знаёмлю са светам прафесійных злачынцаў. Каб мяне правільна зразумелі — а гэтага я раней не зведаў, — цяпер я даю кароткі ўступ.

Гэтыя тры раманы, зрэшты, як і папярэднія, не маюць у сабе амаральнасці. Некалі я падрабязней напішу пра гэта. Можа, некаторыя людзі захочуць назваць іх «злачыннай акадэміяй». Я ў сваю чаргу назваў бы іх «акадэміяй барацьбы са злачынствамі і злодзеямі», дзе выкладаецца іхняе жыццё, звычаі, філасофія, законы, «этыка» і метады працы… Прафесійныя злодзеі ведаюць пра «фраераў» усё. «Фраеры» пра іх — вельмі мала. Злачынцам мае кнігі не патрэбныя. Псіхолагі і крыміналісты даведаюцца з іх шмат.

«Яблычак», «Гляну я ў акно…», «Ніхто дабром не дасць збаўлення…» — гэта шосты, сёмы і восьмы раман у маім творчым здабытку. Другі раман, «Жыццё раззброенага чалавека», і чацвёрты, пад назвай «Дарога пад мур», я доўга яшчэ не апублікую з «эгаістычных» прычынаў.

«Яблычак» я пісаў падчас нямецкай акупацыі на Віленшчыне ў розныя часавыя адрэзкі з 1941 года. Твор я закончыў у студзені 1944 года. Здаралася, што часам я спыняўся на палове сказу і потым не вяртаўся да рукапісу шмат месяцаў праз не залежныя ад мяне прычыны. Працу над другім раманам, «Гляну я ў акно…», напісаным на тры чвэрці, я перарваў 30 траўня 1944 года. Мне б вельмі хацелася закончыць гэтую тэму, таму цяпер дапішу «Гляну я ў акно…», а потым вазьмуся за напісанне «Ніхто дабром не дасць збаўлення…».

Гэтыя раманы ахопліваюць перыяд з ранняй вясны 1918 года да канца лета 1919-га. Дзеянне адбываецца ў Менску-Літоўскім, які ў той час зрабіўся прыстанкам шмат для каго з абшараў былой Расейскай імперыі і… Еўропы. Горад быў цэнтрам Еўропы, якую ахапіла вайна. Менск зведаў як нямецкую, так і бальшавіцкую акупацыю. Ёсць тут аналогія з нямецкай і савецкай акупацыяй сучаснай Польшчы.

Герой раману Аляксандр Баран — гэта праўдзівая асоба. Ён паходзіў з Вільні і сапраўды меў такое прозвішча. Яго расстралялі летам 1919 года ў Менску на Камароўцы. Паўлінка Хурдзіч таксама існавала насамрэч, але ейнае сапраўднае прозвішча было Запольская, і яна была родам з Вільні. У 1921 годзе я знайшоў там яе сям’ю.

Прытоны і злодзеі, апісаныя ў кнізе, пераважна рэальныя. Прыгоды напалову праўдзівыя. Тут ёсць дастаткова фантазіі, але няма нічога з паветра. Усё напісанае ўзнікла з нечага, што я сам перажыў або пачуў у турмах ці на свабодзе.

Я пісаў гэтыя творы з думкаю пазнаёміць людзей з іхнымі братамі, якія апынуліся на жыццёвай узбочыне, і дапамагчы тым няшчаснікам, прыніжаным і зняважаным, жыццё якіх поўнае трагізму.

Назвы раманаў паходзяць ад словаў з песень. «Яблычак» — гэта «гімн і сцяг» усіх тых, каго пакрыўдзіў камунізм, злодзеяў і сумленных, якія нечакана аказаліся разам у адным становішчы — загнаных і прыбітых звяроў. «Гляну я ў акно…» — гэта малавядомая арыгінальная зладзейская песня, крыху нават камічная сваім услаўленнем зладзейскага «гонару». «Ніхто дабром не дасць збаўлення…» — пачатак другога куплету расейскай версіі «Інтэрнацыяналу». Гэтым людзям ніхто не прынясе збаўлення і ніхто іх не выратуе, апрача… культуры.