Васіль Быкаў
Дажыць да світання
1
— Усё. Спрачацца не будзем, стройце людзей! — сказаў Іваноўскі Дзюбіну і выйшаў з-за вугла пуні.
Даўганогі, худы і нязграбны ў сваім белым абвіслым маскхалаце старшына Дзюбін памкнуўся нешта сказаць, але змоўчаў; у снегавым змроку блізкае ночы было відаць, як незадаволена перасмыкнуўся яго цёмны ад сцюжы і ветру, заўчасна зморшчаны твар. Пасля кароценькай паўзы, якая засведчыла яго маўклівую нязгоду з лейтэнантам, старшына рэзка ступіў па ледзьве азначанай у снезе сцяжынцы да старанна прычыненых дзвярэй пуні. Цяпер ужо зачыняць іх не было патрэбы, шырокім размашыстым рухам Дзюбін адкінуў дзверы, і тыя коса загойдаліся на адной завесе.
— Пад'ём! Выхадзі строіцца!
Іваноўскі, стоячы побач, прыслухаўся. Нягучная размова ў пуні адразу заглухла, усё там сціхла, нібы загіпнатызаванае гэтай, па сутнасці, такой звычайнай армейскай камандай, якая цяпер азначала для ўсіх надта многае. Праз імгненне, аднак, усё там заварушылася, зашамацела, пачуліся галасы, і вось ужо нехта першы выйшаў з дзвярэй на чыстую вечаровую белізну снегу. «Півавараў», — задумліва адзначыў сабе Іваноўскі, убачыўшы белую фігуру байца ў новенькім маскхалаце на фоне цёмнага бярвення сцяны. Аднак лейтэнант тут жа і забыўся пра яго, агорнуты ўласнымі клопатамі і слухаючы загадныя вокрыкі старшыны ў пуні.
— Хутка выходзь! І нічога не забываць: вяртацца не будзем! — глухавата даносіўся праз дзверы заклапочана-буркатлівы голас Дзюбіна.
Старшына відавочна злаваўся, так і не пагадзіўшыся з лейтэнантам, хоць амаль нічым і не выказваў гэтае сваёй нязгоды.
Але хай! Злавацца сабе Дзюбін мог, колькі хацеў, гэта яго асабістая справа, але пакуль тут камандуе ён, лейтэнант Іваноўскі, яму і рашаць. А ён ужо і рашыў — канчаткова і беспаваротна: пераходзіць перадавую будуць тут і цяпер, таму што колькі можна адкладваць! І так ён чакаў амаль шэсць сутак — было зусім блізка, якіх трыццаць кіламетраў, стала шэсцьдзесят — толькі што мераў па карце; на мясцовасці, вядома, набярэцца і болей. Праўда, у канцы лістапада ноч доўгая, але ўсё ж надта многа ўскладвалася на гэтую адну ноч, каб неразумна губляць такі дарагі цяпер для іх час.Лейтэнант рашуча ўзяў прыслоненую да сцяны звязку лыж — сваю звязку — і адышоўся са сцежкі ў снег — на тры крокі наперадзе групы. Байцы таропка разбіралі лыжы, нацягвалі на галовы капюшоны; вецер з-за вугла злосна тузаў тонкую бязь маскіровачных халатаў і ляскаў па грудзях даўгімі канцамі завязак. Як Іваноўскі ні выкідваў усё лішняе, грузу набралася занадта, і ўсе дзевяць байцоў выглядалі цяпер нязграбна-няўклюднымі ў сваіх тоўстых ватоўках, абвешаных пад маскхалатамі рэчмяшкамі, гранатнымі сумкамі, падсумкамі і патранташамі. У дадатак да ўсяго яшчэ і лыжы, якія былі пакуль што грувасткім цяжарам, не больш. Але ўсё было неабходна, а лыжы, якія здаваліся цяпер непатрэбнымі, вельмі спатрэбяцца потым, у нямецкім тыле, — на лыжы ў яго была ўся надзея. Гэта менавіта ён прапанаваў там, у штабе, паставіць групу на лыжы, і яго ідэю адразу і ахвотна адобрылі ўсе, ад флегматычнага начальніка аддзела разведкі да прыдзірлівага, строгага начальніка штаба.